Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс. чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал. гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.

т. 4, с. 18

ВАРША́ЎСКА-ІВАНГАРО́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914,

абаронча-наступальная аперацыя рускіх войск Паўд.-Зах. (каманд. ген. М.І.Іваноў) і Паўн.-Зах. (ген. М.У.Рузскі) франтоў супраць герм.-аўстр. арміі 28 вер. — 8 ліст. ў 1-ю сусв. вайну.

Пасля паражэння аўстр. войск у Галіцыйскай бітве 1914 герм. камандаванне, каб абараніць Сілезію і Познань і памагчы аўстр. войскам, якія адступалі, 28 вер. пачало наступленне на Івангорад і Варшаву сіламі 1-й аўстр. і 9-й герм. армій (каманд. ген. П. фон Гіндэнбург, нач. штаба ген. Э.Людэндорф). 18 кастр. рус. войскі нанеслі па герм.-аўстрыйскіх двайны ўдар з фронту Івангорад—Сандамір 4, 5 і 9-й арміямі і ад Варшавы 2-й арміяй. У баявых дзеяннях з двух бакоў удзельнічала каля 900 тыс. чал. За 21 дзень баёў герм.-аўстр. войскі адкінуты з вял. стратамі на 120 км.

В.С.Паваліхіна.

т. 4, с. 17

ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1768.

Заключаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 6 сак. ў Варшаве па патрабаванні рас. боку ва ўмовах заняпаду Рэчы Паспалітай. Урад Кацярыны II выкарыстаў пытанне аб раўнапраўі дысідэнтаў-некатолікаў — праваслаўных і пратэстантаў — для ўмяшання ва ўнутр. справы Польшчы. Паводле дагавору дысідэнты атрымлівалі роўныя з каталікамі правы, аднак захоўваліся асн. законы Рэчы Паспалітай (выбарнасць караля, ліберум вета і інш.). Варшаўскі дагавор садзейнічаў далейшаму аслабленню краіны і забяспечваў паліт. панаванне царызму ў Польшчы.

Вынікам Варшаўскага дагавора было стварэнне Барскай канфедэрацыі.

т. 4, с. 18

ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР, падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап. сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліг. кіраўнічы орган — Паліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.С.Конеў (1955—60), А.А.Грэчка (1960—67), І.І.Якубоўскі (1967—76), В.Г.Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.

Літ.:

Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;

Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 18

ВАРША́ЎСКІ НАРАДАВО́ЛЬСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ,

нелегальная суполка прыхільнікаў рэв. арг-цыі «Народная воля» з ліку ўраджэнцаў Беларусі — студэнтаў Варшаўскага ун-та — у 1882—83. Утвораны ў 1882 намаганнямі студэнтаў-нарадавольцаў В.Руткевіча, Г.Яцкевіча і В.М.Вайніловіча. Акрамя выхадцаў з Беларусі ў гурток уваходзілі і варшавяне на чале з С.Калішскім. На базе гуртка была створана падп. друкарня на чале з М.К.Янчэўскім. Гурток падтрымліваў цесныя кантакты з кіраўнікамі польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У рэв. дзейнасці не прызнаваў тактыкі тэрору. Пасля арышту ў Вільні 22.8.1883 кіраўніка Янчэўскага дзейнасць гуртка аслабела і да канца года спынілася. Некат. гурткоўцы ўступілі ў «Пралетарыят».

В.М.Чарапіца.

т. 4, с. 19

ВАРША́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

найбуйнейшы навучальны і навуковы цэнтр Польшчы. Засн. ў 1816 у Варшаве паводле загаду рас. імператара Аляксандра І як Аляксандраўскі ун-т (статут зацверджаны ў 1818). Меў ф-ты: юрыд., мед., прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-матэм., тэалагічны. Пасля задушэння паўстання 1830—31 ун-т зачынены. У 1862 аднавіў дзейнасць пад назвай «Галоўная школа». Адыграў выключную ролю ў развіцці польск. культуры і навукі. Сярод яго выхаванцаў Г.Сянкевіч, Б.Прус, Бадуэн дэ Куртэнэ, гісторык матэматыкі С.Дзікштэйн і інш. У 1869 школа пераўтворана ва ун-т з выкладаннем на рус. мове. У 1893—1915 у Варшаўскім універсітэце выкладаў Я.Ф.Карскі. У час герм. акупацыі 1915—18 фармальна лічыўся ням. ун-там, з 1917 — польскі. У 2-ю сусв. вайну не працаваў. Аднавіў дзейнасць у 1945. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: біял., хім., журналістыкі і паліт. Навук. філасофіі і сацыялогіі, фізікі, геаграфіі і вывучэння рэгіёнаў, геалогіі, гісторыі; матэматыкі, інфарматыкі і механікі; эканам. Навук. неафілалогіі, педагогікі, паланістыкі, прававых навук і адміністрацыі, прыкладных грамадскіх навук і рэсацыялізацыі, псіхалогіі, русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (мае кафедру бел. філалогіі), кіравання. Філіял ун-та ў Беластоку. Б-ка (засн. 1817).

т. 4, с. 19

ВАРЫЁМЕТР

(ад лац. vario змяняю + ...метр),

1) авіяцыйны — паказальнік скорасці падняцця і спуску лятальнага апарата. Вымярае рознасць ціскаў паветра ў атмасферы і ўнутры прылады, якая злучана з атмасферай капілярам. Пры гарыз. палёце гэтая рознасць роўная 0.

2) Варыёметр гравітацыйны — прылада для вымярэння змен паскарэння свабоднага падзення. Выкарыстоўваецца ў сейсмалогіі і гравіметрыі.

3) Варыёметр магнітны — прылада для вымярэння часовых змен геамагн. поля. Бывае стацыянарны (у магн. абсерваторыях) і палявы (для магнітаразведачных работ).

4) Варыёметр радыётэхнічны — сістэма дзвюх або больш шпуляў індуктыўнасці, адна з якіх рухомая. Прызначаны для плаўнай змены індуктыўнасці (узаемаіндуктыўнасці). Калі шпулі не злучаны, варыёметр пераўтвараецца ў высокачастотны трансфарматар з пераменнай сувяззю. Выкарыстоўваецца для настройкі тэле- і радыёпрыёмнікаў, выхадных каскадаў генератараў у шырокім дыяпазоне частот, у вымяральных прыладах.

т. 4, с. 19

ВАРЫКА́П

[англ. varicap ад vari(able) пераменная + cap(acity) ёмістасць],

параметрычны паўправадніковы дыёд, ёмістасць якога залежыць ад прыкладзенага адваротнага напружання. Асн. параметры: намінальная (пачатковая) ёмістасць, дыхтоўнасць і каэфіцыент перакрыцця па ёмістасці. Выкарыстоўваецца ў параметрычных узмацняльніках, памнажальніках частаты, для настройкі тэле- і радыёпрыёмнікаў. Гл. таксама Варыконд.

т. 4, с. 19

ВАРЫКАЦЭ́ЛЕ

[ад лац. varix (varicis) уздуцце на венах + грэч. kēlē пухліна],

варыкознае расшырэнне вен семявага канаціка ў чалавека і жывёл. У мужчын узнікае пераважна ў маладым узросце, часцей у перыяд палавога выспявання. Суправаджаецца непрыемным адчуваннем у вобласці машонкі, цягучым болем у яечках і пахвіне, які ўзмацняецца пры фіз. нагрузцы, палавым узбуджэнні. Магчымы парушэнні палавой функцыі і сперматагенезу (алігазааспермія), бясплоднасць.

Варыкацэле развіваецца пры парушэнні адтоку крыві з яечкавай вены, часцей злева. Адпаведная палавіна машонкі павялічаная, вылучаюцца гронкападобныя вузлавата-расшыраныя вены семявага канаціка. Паступова развіваецца атрафія яечка. Лячэнне хірургічнае.

т. 4, с. 19

ВАРЫКА́Ш Вікенцій Міхайлавіч

(9.8.1931, в. Саломерка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1992),

бел. фізік, адзін з арганізатараў даследаванняў па фізіцы сегнетаэлектрыкаў. Д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1958 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы па тэхналогіі вырошчвання сегнетаэлектрычных крышталёў і вывучэнні ўплыву вонкавых уздзеянняў на іх уласцівасці.

Тв.:

Сборник задач по статистической физике. Мн., 1979 (разам з А.І.Болсунам, В.В.Аксёнавым);

Физика в живой природе. 2 изд. Мн., 1984 (разам з Б.А.Кімбарам, І.М.Варыкашам);

Кіраўніцтва да рашэння задач па агульнай фізіцы. Мн., 1995 (разам з М.С.Цэдрыкам).

П.А.Пупкевіч.

т. 4, с. 19