БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ,
Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў, тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Н.М.Махнач.
т. 3, с. 250
БРА́ТЧЫКАЎ Генадзь Іванавіч
(10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
т. 3, с. 250
БРА́ТЧЫНА,
1) грамадская трапеза членаў правасл. брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.
2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст. ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 3, с. 250
БРА́ЎДЭ Дзіна Маркаўна
(н. 7.3.1937, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна),
харэограф, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1996). У 1976—97 балетмайстар-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, дзе паставіла балеты «Жызэль» А.Адана (1976, аднаўленне) і «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1979, пастаноўка і рэж. рэдакцыя), танцы ў операх «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978) і інш., удзельнічала ў пастаноўцы балетаў В.Елізар’евым, у т. л. «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава, «Стварэнне свету» А.Пятрова, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева і інш.
Л.І.Вішнеўская.
т. 3, с. 250
БРАЎКО́ВІЧ Фадзей Аляксеевіч
(1894, в. Слабодка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — ?),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Аршанскае гар. вучылішча. З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік Кастр. Рэвалюцыі 1917, 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1918—27 на ваен., парт. і сав. рабоце ў Рагачоўскім пав., нарком фінансаў БССР, старшыня Полацкага акр. к-та КП(б)Б. З 1927 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры СНК СССР у Маскве, з 1928 саветнік паўпрэдства СССР у Варшаве. З 1933 дырэктар Белдзяржвыдавецтва ў Мінску, потым на гасп. рабоце. Чл. ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР у 1924—35. У 1936 рэпрэсіраваны, засуджаны на 10 гадоў зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1956.
Э.А.Карніловіч.
т. 3, с. 250
БРАЎН
(Braun) Аляксандр (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),
нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф. Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.Эйхлера і А.Энглера.
т. 3, с. 250
БРАЎН
(Braun) Вернер фон (23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),
канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».
т. 3, с. 250
БРАЎН
(Brown) Герберт Чарлз (н. 22.5.1912, Лондан),
амерыканскі хімік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1957). Скончыў Чыкагскі ун-т (1936), дзе і працаваў. З 1943 праф. у розных ун-тах ЗША. Навук. працы па хіміі бору. Адкрыў рэакцыю гідрабарыравання ненасычаных вуглевадародаў (1959). Распрацаваў колькасныя метады вывучэння стэрычнага напружання малекул. Нобелеўская прэмія 1979.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.
т. 3, с. 250
БРАЎН
(Brown) Джон (9.5.1800, г. Торынгтан, штат Канектыкут, ЗША — 2.12.1859),
адзін з лідэраў абаліцыянісцкага руху ў ЗША (гл. Абаліцыянізм). У 1855—56 арганізаваў узбр. барацьбу супраць рабаўладальнікаў у штаце Канзас. Распрацаваў план стварэння ў Алеганскіх гарах (штат Віргінія) свабоднай рэспублікі, склаў праект яе дэмакр. «Часовай канстытуцыі». З мэтай ажыццяўлення плана 16.10.1859 Браўн з узбр. атрадам захапіў урадавы арсенал у Харперс-Феры. Атрад быў знішчаны, загінулі 2 сыны Браўна, а ён сам, цяжка паранены, быў арыштаваны і павешаны. Паўстанне Браўна папярэднічала Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65.
т. 3, с. 250