БЛЭК
(Black) Джэймс Уайт (н. 1924),
англійскі фармаколаг. Праф. Лонданскага ун-та (1973). Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1978). Навук. працы па стварэнні і выкарыстанні новых проціпухлінных і процівірусных прэпаратаў, для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб і язвавай хваробы страўніка. Нобелеўская прэмія 1988 (разам з Дж.Х.Хітчынгсам і Г.Б.Элаянам).
т. 3, с. 197
БЛЭ́КБЕРН
(Blackburn),
горад на З Вялікабрытаніі, на ПнЗ ад Манчэстэра, на канале Ліверпул—Лідс. 136 тыс. ж. (1989). Тэкст. машынабудаванне; эл.-тэхн., радыёэлектронная, тэкст., швейная, харч. прам-сць. Музей тэкст. прам-сці. Маст. галерэя. Сабор (1-я пал. 19 ст.).
т. 3, с. 197
БЛЭ́КЕТ
(Blackett) Патрык Мейнард Сцюарт (18.11.1897, Лондан — 13.7.1974),
англійскі фізік. Чл. (з 1933) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1965—70), замежны чл. АН СССР (1966) і інш. акадэмій. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1919). У 1933—37 і 1953—65 праф. Лонданскага, у 1937—53 Манчэстэрскага ун-таў. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. Упершыню з дапамогай удасканаленай ім камеры Вільсана даказаў існаванне пратона і штучнага ператварэння хім. элементаў (1925), разам з Дж.Акіяліні адкрыў з’яву ўтварэння электрона і пазітрона з гамакванта (1933). Нобелеўская прэмія 1948.
т. 3, с. 197
БЛЭ́КПУЛ
(Blackpool),
горад на З Вялікабрытаніі, на беразе Ірландскага м. 143 тыс. ж. (1989). Аэрапорт. Авіяц., аўтамаб., тэкст., харч. прам-сць. З 18 ст. вядомы як курорт. Вызначаецца мяккім кліматам, пясочны пляж даўж. больш за 10 км. Цэнтр адпачынку, марскіх купанняў і турызму (больш за 5 тыс. атэляў і пансіянатаў). Традыцыйнае месца правядзення канферэнцый брыт. партыі і прафсаюзаў. У 1895 у Блэкпуле пабудавана паменшаная (выш. 158 м) копія Эйфелевай вежы.
т. 3, с. 197
БЛЮЗ
(англ. blues ад blue devils меланхолія, журба, смутак),
сольная лірычная песня амер. неграў. Вядомы з 2-й пал. 19 ст. У 1920-я г. сфарміраваўся т.зв. класічны, або гарадскі, блюз. Сярод муз. асаблівасцяў блюза — сінкопы, слізганне, нефіксаваныя паніжэнні ступеняў ладу (т.зв. «блюзавыя» інтанацыі), імправізацыйнасць выканання. Напачатку блюз выконваўся ў суправаджэнні банджа, гітары, пазней — фп. ці інстр. Ансамбля. Станаўленню блюза садзейнічала творчасць негрыцянскага кампазітара У.Хэндзі («Мемфіс-блюз», 1912; «Сент-Луіс-блюз», 1914, і інш.). Сярод выканаўцаў класічнага блюза — Ма Рэйні, Ч.Хіл, Б.Сміт, Д.Унтэрспун. Блюз паўплываў на фарміраванне джаза і поп-музыкі. Элементы блюза выкарыстоўвалі кампазітары Дж.Гершвін (ЗША), М.Равель (Францыя), Э.Кшэнек (Аўстрыя) і інш.
Літ.:
Конен В.Дж. Блюзы и XX век.: Пер. с англ. М., 1980.
т. 3, с. 197
БЛЮМ,
блум (англ. bloom), стальная загатоўка квадратнага сячэння са стараной больш за 140 мм. Атрымліваецца са зліткаў ці з літых загатовак пракаткай на абціскных станах — блюмінгах або блюмінгах-слябінгах. Прызначана для вытв-сці сартавога пракату (рэек, бэлек і інш.).
т. 3, с. 198
БЛЮМ
(Blum) Леон (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц. сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.
т. 3, с. 198
БЛЮМ Блум
(Blum) Роберт (10.11.1807, г. Кёльн, Германія — 9.11.1848),
нямецкі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1831 займаўся літ. дзейнасцю. Выдаваў у Саксоніі паліт. зборнікі, брашуры, да 1847 працаваў у паліт. час. «Sáchsische Vaterlandsblätter» («Саксонскія айчынныя лісткі»). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі заснаваў у Лейпцыгу дэмакр. Айч. асацыяцыю (больш за 40 тыс. чл.), быў кіраўніком левых дэмакратаў у Франкфурцкім нац. сходзе і інш. Расстраляны па прыгаворы ваен. суда за ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў Вене.
т. 3, с. 198