БЛЮЗ

(англ. blues ад blue devils меланхолія, журба, смутак),

сольная лірычная песня амер. неграў. Вядомы з 2-й пал. 19 ст. У 1920-я г. сфарміраваўся т.зв. класічны, або гарадскі, блюз. Сярод муз. асаблівасцяў блюза — сінкопы, слізганне, нефіксаваныя паніжэнні ступеняў ладу (т.зв. «блюзавыя» інтанацыі), імправізацыйнасць выканання. Напачатку блюз выконваўся ў суправаджэнні банджа, гітары, пазней — фп. ці інстр. Ансамбля. Станаўленню блюза садзейнічала творчасць негрыцянскага кампазітара У.Хэндзі («Мемфіс-блюз», 1912; «Сент-Луіс-блюз», 1914, і інш.). Сярод выканаўцаў класічнага блюза — Ма Рэйні, Ч.Хіл, Б.Сміт, Д.Унтэрспун. Блюз паўплываў на фарміраванне джаза і поп-музыкі. Элементы блюза выкарыстоўвалі кампазітары Дж.Гершвін (ЗША), М.Равель (Францыя), Э.Кшэнек (Аўстрыя) і інш.

Літ.:

Конен В.Дж. Блюзы и XX век.: Пер. с англ. М., 1980.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)