Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАДО́ДАРА,

Барода, горад на З Індыі, у штаце Гуджарат. 1 млн. ж. (1991). Трансп. вузел. Адзін з буйнейшых у краіне цэнтраў баваўнянай прам-сці. Хім., металаапр., фармацэўтычныя, цэм., эл.-тэхн., ваўнаткацкія прадпрыемствы. Каля Вадодара ў Каялі — нафтаперапр. з-д і нафтахім. комплекс. Ун-т, вышэйшая гандл. школа. Музей.

т. 3, с. 440

ВАДО́ХРЫШЧА,

Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне, адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

ВАДУ́Ц

(Vaduz),

горад, сталіца Ліхтэнштэйна. Размешчаны ў даліне р. Рэйн, каля падножжа хр. Рэтыкон. Горад утварыўся каля замка, засн. ў 9 ст. 5 тыс. ж. (1993). Гандл.-фін. цэнтр краіны. Прыладабудаванне, тэкст, прам-сць, вінаробства. Каля В. — ф-ка па вырабе фарфоравых зубных пратэзаў (пераважна на экспарт). Паштовы музей. Замак 9 ст. з гатычнай капэлай 15 ст. (дзярж. маст. калекцыя карцін, зброі, керамікі, дываноў і інш.). Турызм.

т. 3, с. 440

ВА́ДЫЯ

(Wadia) Дарашаў Ношэрван (25.10.1893, г. Сурат, Індыя — 15.4.1969),

індыйскі геолаг. Праф. геалогіі (1907—20) у Кашміры. Прэзідэнт навук. геал. т-ва у Індыі. Скончыў Бамбейскі ун-т. Працаваў у Індыі і Шры-Ланцы. Даследаваў геал. будову паўд. схілаў і перадгор’яў Гімалаяў і Салянога Крыжа, удакладніў іх стратыграфію і тэктоніку. Аўтар капітальнай працы па геалогіі Індыі.

Тв.:

Тектоника Северной Индии // Тр. 7 сессии Междунар. геол. конгресса. М., 1939. Т. 2;

Geology of India. 3 ed. London;

New York, 1957.

т. 3, с. 440

ВАДЭВІ́ЛЬ

(франц. vaudeville),

жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).

На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл. т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.

т. 3, с. 440

ВАД-МЕДА́НІ,

Уэд-Медані, горад У цэнтр. ч. Судана, на р. Блакітны Ніл. Адм. цэнтр Цэнтральнага рэгіёна. Каля 200 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел і гандл. цэнтр Гезіры — гал. раёна арашальнага земляробства краіны. Бавоўнаачышчальныя, харчасмакавыя прадпрыемствы; аўтарамонтныя майстэрні. Ун-т Гезіры.

т. 3, с. 439

ВАЕ́ЙКАЎ Аляксандр Іванавіч

(20.5.1842, Масква — 9.2.1916),

расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл. Рус. геагр. т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап. ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз. сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал. геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1948—57.

т. 3, с. 440

ВАЕННААБАВЯ́ЗАНЫ,

асоба, якая знаходзіцца ў запасе Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) ваеннаабавязанага перыядычна прызываюць на вучобу і праверачныя зборы, яму прысвойваюць адпаведныя званні воінскія. Пры абвяшчэнні мабілізацыі ваеннаабавязаны павінен з’явіцца на пункт збору ў тэрмін, указаны ў мабілізацыйным прадпісанні, павестцы або загадзе раённага (гарадскога) ваен. камісара. У некаторых краінах ваеннаабавязаныя называюцца рэзервістамі.

т. 3, с. 440

ВАЕ́ННАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

сістэма эканам., сац.-паліт., уласна ваенных і інш. мерапрыемстваў дзяржавы, якія ажыццяўляюцца для ўмацавання яе ваен. магутнасці. Агульныя мэты, змест і практычныя задачы ваеннага будаўніцтва вызначаюцца ваен. палітыкай дзяржавы і яе ваеннай дактрынай, залежаць ад узроўню прадукцыйных сіл краіны і характару магчымай вайны. Істотны ўплыў на ваеннае будаўніцтва маюць геагр. ўмовы краіны, яе прыналежнасць да ваен.-паліт. саюзаў і яе блокавыя абавязкі.

т. 3, с. 440

ВАЕ́ННАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сістэма прававых нормаў, якія вызначаюць прынцыпы і формы арганізацыі ўзбр. сіл, абавязкі, правы і адказнасць ваеннаслужачых. Да ваеннага заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносяцца нормы, якія вызначаюць пабудову яе Узброеных Сіл, арганізацыю ваен. кіравання, парадак камплектавання кадраў і запасу асабовага складу, парадак праходжання ваен. службы, прававое становішча ваеннаслужачых і інш. Гал. крыніцамі ваеннага заканадаўства з’яўляюцца законы «Аб абароне» і «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» ад 3.11.1992, «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, а таксама воінскія статуты і нормы крымін. права аб адказнасці за ваен. злачынствы.

т. 3, с. 440