Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЖРАДКО́ВАЯ АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,

агратэхнічны прыём догляду за раслінамі ў перыяд іх вегетацыі — рыхленне глебы і падразанне пустазелля ў міжрадкоўях прапашных культур, пладова-ягадных і інш. насаджэнняў. Звычайна праводзяць культыватарамі. Колькасць, глыбіня і характар апрацовак залежаць ад біял. асаблівасцей культуры, забруджанасці пасеваў, глебава-кліматычных і метэаралагічных умоў. Можа спалучацца з акучваннем, падкормкай раслін, наразаннем барознаў для паліву, унясеннем пестыцыдаў, пасевам аднагадовых культур, сідэратаў і інш. у міжрадкоўях шматгадовых раслін. Паляпшае паветр. і водны рэжымы глебы, актывізуе карысную мікрафлору глебы і жыўленне раслін, садзейнічае барацьбе з пустазеллем, шкоднікамі, хваробамі.

т. 10, с. 348

МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б, міжрайкомы КП(б)Б,

кіруючыя парт. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў 1942—44 (у Баранавіцкай і ч. Мінскай абл. называліся міжраённымі падпольнымі партыйнымі цэнтрамі). Ствараліся і дзейнічалі пад кіраўніцгвам ЦК КП(б)Б і абл. падп. к-таў КП(б)Б. Арганізоўвалі і ўзначальвалі ў замацаваных за імі раёнах падп. парт. органы, арг-цыі і групы, кіравалі патрыят. падполлем і партыз. рухам, ажыццяўлялі паліт. і арганізатарскую работу сярод насельніцтва, наладжвалі выданне газет (гл. Друк падпольны). Адначасова дапамагалі абкомам падбіраць і рыхтаваць кадры для падп. гаркомаў і райкомаў у зонах сваёй дзейнасці. Дзейнічала 11 міжрайкомаў КП(б)Б: Аўгустоўскі (21.11.1943—19.7.1944), Бабруйскі (11.8—4.11.1942), Бранскі (снеж. 1943—17.7.1944), Брэсцка-Жабінкаўскі (20.6—21.7.1944), Быценскі (24.9—4.11.1943), Жлобінскі (кастр. 1942 — май 1943), Лапскі (23.10.1943—1.8.1944), Маларыцка-Дамачоўскі (19.6—20.7.1944), Мінскі (3.10.1942—18.9.1943), Слуцкі (жн. 1942 — ліп. 1943), Чыжаўскі (21.11.1943—13.7.1944). Са стварэннем і арганізац. ўмацаваннем раённых падп. к-таў КП(б)Б міжрайкомы расфарміраваны.

А.А.Каваленя.

т. 10, с. 348

МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ, міжрайкомы ЛКСМБ,

кіруючыя камсам. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абл. у 1942—43. Ствараліся і дзейнічалі пад кіраўніцтвам ЦК ЛКСМБ, падп. парт. органаў і абкомаў ЛКСМБ. У сувязі з недахопам кіруючых камсам. кадраў у тыле ворага ў пач. сваёй дзейнасці міжрайкомы адначасова ўзначальвалі камсам. работу ў некалькіх раёнах. Яны кіравалі дзейнасцю гарадскіх падп. к-таў ЛКСМБ, тэрытарыяльнага камсам.-маладзёжнага падполля, пярвічных камсам. арг-цый у партыз. фарміраваннях, праводзілі паліт. і арганізатарскую работу сярод моладзі, падымалі яе на барацьбу з акупантамі, дапамагалі абкомам ЛКСМБ падбіраць і рыхтаваць кадры для падп. гаркомаў і райкомаў камсамола ў зонах сваёй дзейнасці. Працавала 6 міжрайкомаў ЛКСМБ: Бабруйскі -(24.8.1942—1.6.1943), Барысаўскі (18.7.1942—30.7.1943), Жлобінскі (кастр. 1942 — май 1943), Мінскі (18.7.1942—22.11.1943), Навагрудскі (сак. 1943—28.2.1944) і Слуцкі (18.7.1942—22.11.1943). Пасля завяршэння камплектавання сеткі падп. гаркомаў і райкомаў ЛКСМБ, іх арганізацыйнага ўмацавання М.п.к. ЛКСМБ скасаваны.

Р.М.Шавяла.

т. 10, с. 348

МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ ПАРТЫ́ЙНЫЯ ЦЭ́НТРЫ, міжрайпартцэнтры,

кіруючыя парт. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай і ч. Мінскай абл. у 1942—43. Ствараліся і працавалі пад кіраўніцгвам ЦК КП(б)Б і абл. падп. к-таў КП(б)Б. У сувязі з недахопам парт. кадраў гар. і раённага звёнаў вялі работу адначасова ў замацаваных за імі раёнах. Выконвалі тыя ж задачы, што і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. У Баранавіцкай вобл. таксама ажыццяўлялі парт. кіраўніцтва антыфашысцкімі арганізацыямі. Дзейнічала 6 міжрайпартцэнтраў: Івянецкі (14.4—19.12.1943), Лідскі (25.4—19.12.1943), Слонімскі (14.8 — снеж. 1943), Стаўбцоўскі (2.10—19.12.1943), Шчучынскі (18.4 — снеж. 1943) Баранавіцкай і Барысаўскі (6.10.1942 — ліп. 1943) Мінскай абл. Са стварэннем раённых падпольных камітэтаў КП(б)Б М.п.п.ц. расфарміроўваліся.

А.А.Каваленя.

т. 10, с. 348

МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ ЦЭ́НТРЫ ЛКСМБ, міжрайцэнтры ЛКСМБ,

кіруючыя камсам. органы ў 1943 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай вобл. Створаны Баранавіцкім падп. абкомам ЛКСМБ у сувязі з недахопам кіруючых гар. і раённых камсам. кадраў для работы ў тыле ворага (да 19 снеж.) пад яго і адпаведных міжраённых падп. цэнтраў КП(б)Б кіраўніцтвам. Дзейнічалі Івянецкі, Лідскі, Шчучынскі (усе з 20 мая), Слонімскі (з 6 кастр.), Стаўбцоўскі (з 2 кастр.) міжрайцэнтры. Узначальвалі тэр. камсам.-маладзёжнае падполле, пярвічныя камсам. арг-цыі ў партыз. фарміраваннях, вялі паліт. і арганізатарскую работу сярод моладзі. Дапамагалі абкому камсамола падбіраць і рыхтаваць кадры для падп. гаркомаў і райкомаў ЛКСМБ. Са стварэннем падп. гар. і раённых к-таў камсамола і іх арганізацыйным умацаваннем скасаваны; іх кіраўнікі да ліп. 1944 былі ўпаўнаважанымі Баранавіцкага падп. абкома ЛКСМБ па тых жа зонах.

Р.М.Шавяла.

т. 10, с. 348

МІЖРЭ́ЧЧА,

гл. Месапатамская нізіна.

т. 10, с. 348

МІЖЦЭНТРАМЕ́Р,

прылада для вымярэння міжцэнтравай (міжвосевай) адлегласці ў зубчастых колах. Мае вымяральную карэтку (рэйку) і вымяральнае кола, якое счапляецца з кантралюемым колам. М. наз. таксама прылада для вымярэння адлегласці паміж цэнтрамі адтулін або восямі валоў (напр., штангенцыркуль-М.).

т. 10, с. 348

МІЖЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Грыўда, на аўтадарозе Слонім—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Слонім, 172 км ад Гродна, 15 км ад чыг. ст. Азярніца. 659 ж., 271 двор (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (19 ст.).

т. 10, с. 348

МІЖЭ́РЫЧЫ,

вёска ў Тулаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 17 км на ПдЗ ад г.п. Зэльва, 19 км ад чыг. ст. Зэльва. 266 ж., 102 двары (1999).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як двор Межырэч (Міжрэчча), належаў Нацовічам (Нацам) і Іллінічам. У 16—18 ст. уласнасць Клочкаў, Дольскіх, Вішнявецкіх. У 1550 мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—334 ж., 55 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Межырэцкага с/с Зэльвенскага р-на, з 1954 у Каралінскім, потым у Тулаўскім с/с. У 1962—66 у Ваўкавыскім, Слонімскім р-нах Гродзенскай вобл. У 1970-я г. ўдакладнена назва — М. замест Межырэчча. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, Дом быту. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: царква св. Ганны (1905), касцёл Звеставання (1912).

В.У.Шаблюк.

т. 10, с. 348