МІЖЭ́РЫЧЫ,

вёска ў Тулаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 17 км на ПдЗ ад г.п. Зэльва, 19 км ад чыг. ст. Зэльва. 266 ж., 102 двары (1999).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як двор Межырэч (Міжрэчча), належаў Нацовічам (Нацам) і Іллінічам. У 16—18 ст. уласнасць Клочкаў, Дольскіх, Вішнявецкіх. У 1550 мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—334 ж., 55 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Межырэцкага с/с Зэльвенскага р-на, з 1954 у Каралінскім, потым у Тулаўскім с/с. У 1962—66 у Ваўкавыскім, Слонімскім р-нах Гродзенскай вобл. У 1970-я г. ўдакладнена назва — М. замест Межырэчча. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, Дом быту. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: царква св. Ганны (1905), касцёл Звеставання (1912).

В.У.Шаблюк.

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)