БЛОНЬ,
вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).
У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз. в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.
У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.
т. 3, с. 195
БЛОЎТ
(Blout) Элкан Роджэр (н. 2.7.1919, Нью-Йорк),
амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1969) і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў акадэмію Філіпс эксэтэр (1935), Прынстанскі ун-т (1939). З 1943 узначальваў карпарацыю «Паляроід компані». У 1960—69 (з 1962 праф.) у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па біяхіміі пратэалітычных ферментаў і бялкоў, якія ёсць у мембранах эрытрацытаў, будове і метадах даследаванняў біяпалімераў з выкарыстаннем фіз. метадаў даследавання (дысперсія аптычнага вярчэння, кругавы дыхрамізм, ядз. магн. рэзананс і інш.).
т. 3, с. 196
БЛОХ Ісідар Рыгоравіч
(18.9.1888, Варшава — 10.3.1958),
бел. вучоны ў галіне тарфяной прам-сці. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), праф. (1939). Скончыў Маскоўскае Вышэйшае тэхн. вучылішча (1916). З 1932 у Бел. тарфяным, потым Політэхн. ін-тах, з 1940 у Ін-це торфу АН Беларусі. З 1941 у Маскве. Навук. працы па тэорыі, канструяванні і разліку тарфяных машын.
т. 3, с. 196
БЛОХ
(Bloch) Конрад Эміль (н. 21.1.1912, г. Ныса, Польшча),
амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1954). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Мюнхене (1934), Калумбійскі ун-т (1938). З 1938 працаваў у Калумбійскім, Чыкагскім, з 1954 праф. у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па ізатопным аналізе клетачнага метабалізму, праблемах біясінтэзу і хім. будовы стэроідаў, парфірынаў, ферментаў. Вызначыў ролю халестэрыну ў абмене рэчываў у жывёл і асн. этапы яго біясінтэзу. Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Ф.Ліненам).
т. 3, с. 196
БЛОХ
(Bloch) Фелікс (23.10.1905, г. Цюрых, Швейцарыя — 10.9.1983),
амерыканскі фізік, адзін са стваральнікаў квантавай тэорыі цвёрдага цела. Чл. Нацыянальнай АН (1948). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1928). У 1934—77 у Станфардскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова ў 1954—55 дырэктар Еўрап. цэнтра ядз. даследаванняў. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы. Распрацаваў тэорыю энергет. спектра крышталёў, тэмпературнай залежнасці намагнічанасці ферамагнетыкаў паблізу абс. нуля. Адкрыў (1946, незалежна ад Э.Пёрсела) ядз. магнітны рэзананс. Аўтар манаграфіі «Малекулярная тэорыя магнетызму» (1936). Нобелеўская прэмія 1952.
т. 3, с. 196
БЛО́ХІ
(Aphaniptera, Siphonaptera, Suctoria),
атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (С. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
т. 3, с. 196
БЛО́ЦКАЯ Жанна Віктараўна
(н. 10.12.1940, в. Грабень Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-вірусолаг. Д-р с.-г. н. (1990). Скончыла Гродзенскі с.-г. ін-т (1963). З 1972 у Бел. НДІ аховы раслін. Навук. працы па селекцыі вірусаўстойлівых сартоў і ахове насеннай бульбы ад вірусных і вірусападобных хвароб.
Тв.:
Методы селекции картофеля на устойчивость к вирусным болезням. Мн., 1984;
Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
т. 3, с. 196
БЛО́ШКІ,
земляныя блохі, блашакі (Alticinae, Halticinae), падсямейства жукоў сям. лістаедаў. У сусв. фауне больш за 7 тыс. відаў, пашыраных усюды. На Беларусі больш за 80 відаў.
Даўж. цела 1,5—5 мм. Заднія ногі скакальныя. Яйцы адкладваюць у глебу, радзей на расліны. Лічынкі развіваюцца ў глебе пераважна на каранях, радзей на сцяблах або лісці кармавых раслін. Акукліваюцца ў глебе. Дарослыя блошкі раслінаедныя, кормяцца зялёнымі ч. раслін, зрэдку генератыўнымі органамі. Шкоднікі. Меры барацьбы: знішчэнне пустазелля, правільная агратэхніка, апрацоўка інсектыцыдамі.
т. 3, с. 196
БЛУ́ДЗЕНСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з чэрв. 1941 да ліп. 1944 у в. Блудзень (э 1964 Першамайская) Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Падпольшчыкі (21 чал.) распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, разведданыя, выводзілі са строю цягнікі на чыг. ст. Бяроза-Картузская. 13 падпольшчыкаў загінулі.
т. 3, с. 196
БЛУ́ЖА,
вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 78 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Талька, раз’езд на чыг. лініі Асіповічы—Мінск. 588 ж., 189 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей і магіла Героя Сав. Саюза М.П.Чэпіка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
т. 3, с. 196