Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛКАГО́НАЎ Дзмітрый Антонавіч

(21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),

гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар. Рас. АН (1991), д-р філас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал. паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л. нам. нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш. Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.

т. 3, с. 481

ВАЛКІ́ ПРАКА́ТНЫЯ,

рабочы орган пракатнага стана, які забяспечвае асноўную аперацыю пракаткі — абцісканне загатоўкі для надання ёй патрэбных памераў і формы.

Ліставыя валкі пракатныя (наз. таксама гладкімі) выкарыстоўваюцца для пракаткі лістоў, палос і стужак, сартавыя — для пракаткі фасоннага (сартавога) металу круглага і квадратнага сячэння, рэек, двухтаўровых бэлек і інш. Бываюць чыгунныя і стальныя (асабліва зносаўстойлівыя робяць з керамічных цвёрдых сплаваў); суцэльналітыя і зборныя. Трываласць і зносаўстойлівасць валкоў пракатных павышаюць легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай, наплаўкай цвёрдых і звышцвёрдых сплаваў і інш. Стальныя валкі пракатныя выкарыстоўваюцца на блюмінгах, слябінгах, абціскных клецях сартавых станаў і на станах халоднай пракаткі.

т. 3, с. 481

ВАЛКО́ВІЧ Даніла Іванавіч

(18.4.1900, в. Занёманск Гродзенскага пав., цяпер у межах г. Масты — 27.11.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік ліквідацыі эсэраўскага мяцяжу на Іжаўскім зброевым з-дзе, ваяваў на Усх. фронце супраць арміі Калчака. Са жн. 1920 на Зах. фронце, вёў барацьбу з бандытызмам у Бабруйскім і Мазырскім пав. З 1921 заг. аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1924 сакратар Койданаўскага, Ляхаўскага (г. Мінск) райкомаў, потым у апараце ЦК КП(б)Б, заг. аддзела Мінскага, сакратар Магілёўскага акр., Клімавіцкага і Бабруйскага раённых к-таў партыі. З лют. 1934 нам. наркома земляробства БССР. Са жн. 1934 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, у маі—вер. 1937 старшыня СНК БССР. Чл. ЦВК БССР у 1931—37, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1934—37. Арыштаваны ў вер. 1937, засуджаны 26.11.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

У.М.Міхнюк.

т. 3, с. 482

ВАЛКО́НСКАЯ Марыя Мікалаеўна

(6.1.1806—22.8.1863),

жонка дзекабрыста С.Р.Валконскага, княгіня. Дачка ген. М.М.Раеўскага. Адна з першых сярод жонак дзекабрыстаў паехала за мужам у Сібір, дзе жыла да 1855. Аўтар «Запісак» з яскравым апісаннем турэмна-катаржнага рэжыму, характарыстыкай многіх дзекабрыстаў і інш. Гераіня паэмы М.А.Някрасава «Рускія жанчыны».

т. 3, с. 482

ВАЛКО́НСКІ Сяргей Рыгоравіч

(19.12.1788, г. Ачакаў, Украіна — 10.12.1865),

дзекабрыст. Генерал-маёр, князь. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. З 1820 чл. «Саюза працвітання», з 1821 чл. Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Разам з В.Л.Давыдавым кіраваў Каменскай управай, наладжваў сувязі з Паўночным таварыствам дзекабрыстаў. Прыхільнік «Рускай праўды» П.І.Песцеля. Прыгавораны да смяротнай кары, замененай пажыццёвай катаргай. Вярнуўся з Сібіры ў 1856. Аўтар «Запісак».

т. 3, с. 482

ВАЛЛЁ,

расшыраная частка стрававода ў беспазваночных (многія малюскі, чэрві, насякомыя) і птушак. Служыць для назапашвання, захоўвання, зрэдку папярэдняй біяхім. апрацоўкі корму. У пчол у валлі нектар перапрацоўваецца ў мёд. Валлё развіта ў драпежных і некаторых зерняедных птушак, знаходзіцца над ключыцай і звычайна мае залозы. Скарачэнні валля забяспечваюць паступленне корму ў страўнік, адрыгванне яго пры выкормліванні птушанят або выдаленне неператраўленых рэшткаў (драпежныя птушкі). У галубоў клеткі эпітэлію валля адрываюцца і змешваюцца з сакрэтам залоз, утвараючы белаватую вадкасць, т.зв. птушынае (валлёвае) малако, якім выкормліваюцца птушаняты.

т. 3, с. 482

ВАЛЛЯ́К,

устойлівае павелічэнне памераў шчытападобнай залозы без прыкмет запалення і злаякаснага пераўтварэння. Адзін з асн. сімптомаў розных па этыялогіі і клінічных праявах хвароб. Прычына ўзнікнення валляка дыфузнага таксічнага (тырэатаксікоз) дакладна не выяўлена. Яе звязваюць з ператамленнем, нерв. перанапружаннем, перанесенымі вострымі інфекцыямі, псіхічнымі траўмамі і інш. фактарамі, у т. л. спадчыннымі. Найчасцей хварэюць жанчыны. Валляк спарадычны (нетаксічны) працякае звычайна без яўных парушэнняў функцыі шчытападобнай залозы. Пры значным павелічэнні залозы магчымы расстройствы дыхання (сціскаюцца трахеі), глытання (сціскаецца стрававод), расшырэнне вен твару, шыі (з прычыны сціскання крывяносных сасудаў). Валляк эндэмічны пашыраны ў геагр. зонах з малой колькасцю ёду ў асяроддзі (вада, глеба, прадукты харчавання; у Беларусі на Палессі) і яго дэфіцытам для сінтэзу і сакрэцыі тырэоідных гармонаў. Лячэнне медыкаментознае ці хірургічнае.

Л.Д.Чайка.

т. 3, с. 482

ВАЛЛЯКО́ВАЯ ЗАЛО́ЗА,

гл. Вілачкавая залоза.

т. 3, с. 482

ВАЛМЯ́НКА,

гл. Волма.

т. 3, с. 482

ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА, Волма-Слоўст,

Волма, у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.

т. 3, с. 482