АЎТБРЫ́ДЗІНГ
(англ. outbreeding),
скрыжаванне асобін аднаго віду, якія не знаходзяцца ў непасрэднай роднасці (няма агульных продкаў у 4—6 пакаленнях); метад селекцыі, з дапамогай якога камбінуюць розныя каштоўныя якасці, каб стварыць новую пароду або сорт. Выкарыстоўваюць у жывёлагадоўлі і раслінаводстве для прадухілення шкодных вынікаў блізкароднаснага скрыжавання (інбрыдзінгу). Аўтбрыдзінг вядзе да павышэння жыццяздольнасці і прадукцыйнасці патомкаў.
т. 2, с. 122
АЎТО́БУС
(ням. Autobus),
аўтамабіль агульнага карыстання, разлічаны на 9 і больш пасажыраў. Паводле прызначэння бываюць гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія, міжнародных зносін і інш.; паводле змяшчальнасці і габарытаў — асабліва малыя (даўж. да 5 м), малыя (да 7,5 м), сярэднія (да 9,5 м), вялікія (да 12 м) і асабліва вялікія, спалучаныя (16,5 м і больш). Канструкцыя бывае рамная і апорная, кузаў — капотнага або вагоннага тыпу. Рухавік устанаўліваюць спераду, ззаду або пад падлогай пасажырскага салона (пры гарызантальным размеркаванні цыліндраў). На Беларусі вытв-сць аўтобусаў распачата ў 1994—95 на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ-101), Лідскім з-дзе «Нёман» (ЛіАЗ-5256) і Мінскім канцэрне «Амкадор» («Амкадор-Ікарус»).
В.А.Сяргеенка.
т. 2, с. 123
АЎТО́ГРАФ
(ад аўта... + ...граф),
1) уласнаручны надпіс, подпіс.
2) Аўтарскі рукапісны тэкст маст. твора, навук. працы, дзённікаў, лістоў і інш. Важная крыніца ўстанаўлення кананічнага тэксту твора, вывучэння творчага працэсу аўтара (гл. Тэксталогія). Аўтарызаваны (пісьмова ўхвалены аўтарам) машынапісны тэкст прыраўноўваецца да аўтографа. Збіраюць і захоўваюць аўтографы архівы, музеі, бібліятэкі.
т. 2, с. 123
АЎТО́ЛІЗ
(ад аўта... + ...ліз),
распад бялкоў у тканках арганізма пад уздзеяннем уласных ферментаў. Пры жыцці арганізма ў адсутнасць паталогіі распад бялкоў цалкам кампенсуецца сінтэзам. Пасля смерці арганізма аўтоліз рэзка ўзмацняецца. Аўтоліз адбываецца і пры выспяванні мяса, цеста, ферментацыі чаю, тытуню, сіласаванні кармоў і інш.
т. 2, с. 123
АЎТРА́ЙТ,
простая тэрміновая валютная здзелка, якая прадугледжвае плацяжы па форвардным курсе ў строга вызначаны тэрмін.
т. 2, с. 123
АЎТСА́ЙДЭР
(ад англ. outsider пабочны),
1) катэгорыя дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, якія займаюць нязначнае месца на рынку і не ўваходзяць у манапалістычныя аб’яднанні.
2) Суднаходнае прадпрыемства, якое не з’яўляецца членам лінейных канферэнцый і працуе паралельна (канкурыруе) з лінейнымі суднаходнымі кампаніямі.
3) Спартыўны калектыў, спартсмен, які займае апошняе месца ў спаборніцтвах.
т. 2, с. 123
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс. м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у тым ліку ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
т. 2, с. 123
АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ
(ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),
мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты,растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).
т. 2, с. 123