Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАПІ́ВІН (Мікалай Піліпавіч) (14.12.1903, г. Клін Маскоўскай вобл. — 19.4.1963),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. авіяцыі (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен. школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення начсаставу пры Ваенна-паветр. акадэміі імя Жукоўскага (1933), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну камандуючы 3-й паветр. арміяй, якая ўдзельнічала ў Гарадоцкай аперацыі 1943, Полацкай аперацыі 1944, выконвала задачы па забеспячэнні баявых дзеянняў партызан. Да 1961 на камандных пасадах у ВПС СССР.

т. 12, с. 63

ПАПІЛО́МА (ад лац. papilla сасок + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая развіваецца з покрыўнага эпітэлію. Бывае на скуры, слізістых абалонках поласці рота, глоткі, галасавых звязак, мочавывадных шляхоў. Выклікаецца вірусам П. чалавека (дробны, ДНК-змяшчальны вірус). Паверхня П. часцей з сасочкавых разрастанняў. Складаецца са злучальнатканкавай стромы (рыхлай ці шчыльнай) і эпітэлію. Можа нагнойвацца, кроватачыць і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 63

ПАПІНО́ ((Papineau) Луі Жазеф) (7.10.1786, г. Манрэаль, Канада — 23.9.1871),

канадскі паліт. дзеяч. Адвакат. Чл. Заканад. сходу (1808—37) і ўрада (1820—23) брыт. калоніі (правінцыі) Ніжняя Канада. З 1815 лідэр апазіц. руху франка-канадскіх патрыётаў супраць брыт. улад. Адзін з кіраўнікоў антыбрыт. паўстання 1837—38 у Ніжняй Канадзе. З ліст. 1837 у эміграцыі ў ЗША, потым у Францыі. Вярнуўся ў Канаду па амністыі 1847. У 1848—51 і 1852—54 чл. Заканад. асамблеі прав. Канада. У далейшым ад паліт. дзейнасці адышоў.

т. 12, с. 63

ПАПІРАЛО́ГІЯ,

дапаможная гісторыка-філал. дысцыпліна, адгалінаванне палеаграфіі. Займаецца прачытаннем, інтэрпрэтацыяй і выданнем тэкстаў грэч., лац., позніх (эліністычнага, рым. і візант. часу) дэматычных (гл. Дэматычнае пісьмо) і копцкіх папірусаў, а таксама надпісаў на гліняных чарапках і драўляных таблічках. Стараж.-егіпецкія, стараж.-яўр., арамейскія і інш. папірусы вывучаюць егіпталогія, семіталогія і інш. дысцыпліны. П. вывучае і класіфікуе папірусы паводле перыядаў, месца, зместу, асаблівасцей граматыкі, стылю мовы і г.д. Першыя грэч. тэксты на папірусах знойдзены ў 1752 у Геркулануме (Італія) і ў 1778 у Егіпце. Асабліва багатыя былі знаходкі папірусаў у 1877—78 у Фаюме (Егіпет), сярод іх шматлікія ўрыўкі з Алкея, Сапфо, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш. ант. аўтараў.

Літ.:

Борухович В.Г. В мире античных свитков. Саратов, 1976;

Фихман И.Ф. Введение в документальную папирологию. М., 1987.

т. 12, с. 63

ПАПІРО́ЎКА, Алебастравы, Белы наліў,

раннялетні сорт яблыні народнай селекцыі. Пашыраны на Беларусі; на паўн. усходзе часта падмярзае.

Дрэва сярэднярослае з круглявай кронай. Пладаносіць пасля пасадкі на 4—5 на клонавых прышчэпах — на 2—3 год. Зімаўстойлівы. Плады сярэдняй велічыні, на маладых дрэвах буйныя, круглавата-канічныя, часам маюць шво (вострая падоўжная складка скуркі плода). Афарбоўка белавата-жоўтая з шэра-зялёнымі кропкамі. Скурка ўкрыта васковым налётам, гладкая, тонкая. Мякаць белая, рыхлая, далікатная, сакавітая, буйназярністая, кісла-салодкая, пры пераспяванні мучністая. Захоўваецца не болей як 2 тыдні.

З.​А.​Казлоўская.

Папіроўка.

т. 12, с. 64

ПАПІ́РУС (Cuperus papyrus),

кветкавая расліна сям. асаковых. Радзіма — трапічная Афрыка. Расце ў павольнай вадзе, уздоўж берагоў рэк і азёр утварае зараснікі. Культывавалі ў стараж. Егіпце (лічыўся царскай раслінай), Палесціне і ў некат. краінах Паўд. Еўропы.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 5 м. Сцёблы прамастойныя, трохгранныя. Лісце прыкаранёвае, лускападобнае. Суквецці буйныя, парасонападобныя са шматлікімі цыліндрычнымі калоссямі (даўж. 1—2 см) з невял. плоскіх каласкоў. Сцёблы выкарыстоўваліся для вырабу пісчага матэрыялу (папірусу), тканін, абутку, плытоў, чаўноў, цыновак, а таксама ў ежу. З іх будавалі караблі стараж. мараплаўцы. Дэкар. расліны. П. часта няправільна наз. сыць чарговалістую.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 64

ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),

пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст. н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.

Літ.:

Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.

Папірус.

т. 12, с. 64

ПАПКО́ВІЧ (Пётр Фёдаравіч) (5.4.1887, г. Брэст — 3.4.1946),

расійскі вучоны ў галіне караблебудавання. Чл.-кар. АН СССР (1933). Інжынер-контр-адмірал (1940). Скончыў Пецярб. політэхн. ін-т (1911) і Марское інж. вучылішча ў Кранштаце (1912). З 1911 у ВМФ. У 1912—29 на Балтыйскім суднабуд. з-дзе. З 1920 у Ваенна-марской акадэміі (з 1934 нач. кафедры), з 1930 у Ленінградскім караблебуд. ін-це, у 1932—34 у Ленінградскім ун-це. Навук. працы па матэматыцы, тэорыі карабля, буд. механіцы карабля і падводнай лодкі, тэорыі пругкасці і інш. Пад яго кіраўніцтвам спраектавана і пабудавана некалькі тыпаў падводных лодак, надводных ваен. караблёў і гандл. суднаў. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Строительная механика корабля. Ч. 1—2. М.; Л., 1941—47.

Літ.:

Гусак А.А., Гусак Е.А. П.​Ф.​Папкович: (К 100-летию со дня рождения) // Весці АН БССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1987. № 5;

Воспоминания о П.​Ф.​Папковиче. Л., 1984.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

П.Ф.Папковіч.

т. 12, с. 64

ПАПКО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 25.3.1935, в. Дварэц Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1958), выкладаў у ім. З 1966 у Віцебску; настаўнічаў, з 1982 у Віцебскім ун-це. Друкуецца з 1962. У зб-ках вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі дзень» (1988) паэтызацыя роднага краю, успаміны пра вайну, адказнасць перад часам і чалавекам. Аўтар апавяданняў і гумарэсак. Пераклаў на бел. мову зб-кі вершаў Ё.​Бехера «Вяртанне да сябе», Р.​Крафта «Востраў без маяка», кн. паэзіі ням. рамантызму «Закаханы вандроўнік», паасобныя творы Б.​Брэхта, Г.​Лесінга, Г.​Веерта і інш.

т. 12, с. 64

ПАПКО́Ў (Валерый Іванавіч) (3.2.1908, Масква — 12.12.1984),

расійскі вучоны ў галіне электратэхнікі. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1930). З 1932 ва Усесаюзным эл.тэхн. ін-це, на прадпрыемствах ваен. прам-сці. З 1943 у Энергет. ін-це АН СССР. Навук. працы па тэхніцы высокіх напружанняў, эл. разрадах у газах пры высокіх напружаннях, моцных эл. палях і далёкіх эл. перадачах, электронна-іоннай тэхналогіі. Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 12, с. 64