ПАПІРАЛО́ГІЯ,

дапаможная гісторыка-філал. дысцыпліна, адгалінаванне палеаграфіі. Займаецца прачытаннем, інтэрпрэтацыяй і выданнем тэкстаў грэч., лац., позніх (эліністычнага, рым. і візант. часу) дэматычных (гл. Дэматычнае пісьмо) і копцкіх папірусаў, а таксама надпісаў на гліняных чарапках і драўляных таблічках. Стараж.-егіпецкія, стараж.-яўр., арамейскія і інш. папірусы вывучаюць егіпталогія, семіталогія і інш. дысцыпліны. П. вывучае і класіфікуе папірусы паводле перыядаў, месца, зместу, асаблівасцей граматыкі, стылю мовы і г.д. Першыя грэч. тэксты на папірусах знойдзены ў 1752 у Геркулануме (Італія) і ў 1778 у Егіпце. Асабліва багатыя былі знаходкі папірусаў у 1877—78 у Фаюме (Егіпет), сярод іх шматлікія ўрыўкі з Алкея, Сапфо, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш. ант. аўтараў.

Літ.:

Борухович В.Г. В мире античных свитков. Саратов, 1976;

Фихман И.Ф. Введение в документальную папирологию. М., 1987.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)