ПАПІРО́ЎКА, Алебастравы, Белы наліў,

раннялетні сорт яблыні народнай селекцыі. Пашыраны на Беларусі; на паўн. усходзе часта падмярзае.

Дрэва сярэднярослае з круглявай кронай. Пладаносіць пасля пасадкі на 4—5 на клонавых прышчэпах — на 2—3 год. Зімаўстойлівы. Плады сярэдняй велічыні, на маладых дрэвах буйныя, круглавата-канічныя, часам маюць шво (вострая падоўжная складка скуркі плода). Афарбоўка белавата-жоўтая з шэра-зялёнымі кропкамі. Скурка ўкрыта васковым налётам, гладкая, тонкая. Мякаць белая, рыхлая, далікатная, сакавітая, буйназярністая, кісла-салодкая, пры пераспяванні мучністая. Захоўваецца не болей як 2 тыдні.

З.​А.​Казлоўская.

Папіроўка.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)