Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКРАФІ́ТЫ [ад мікра... + ...фіт(ы)],

расліны (пераважна водарасці), якія маюць мікраскапічныя памеры і ўваходзяць у склад фітапланктону. М. — першае звяно агульнага харч. ланцуга экасістэмы вадаёма. На Беларусі пашыраны М. са складу дыятомавых, сіне-зялёных, зялёных і інш. водарасцей.

т. 10, с. 362

МІКРАФЛО́РА (ад мікра... + флора),

сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.

т. 10, с. 362

МІКРАФО́Н (ад мікра... + фон),

пераўтваральнік энергіі акустычных хваль у эл. сігналы, прапарцыянальныя гукавому ціску. Характарызуецца адчувальнасцю, дыяпазонам рабочых частот, дынамічным дыяпазонам, накіраванасцю і інш. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлебачанні, радыёвяшчанні, гуказапісе, вымяральнай тэхніцы і інш.

Мае адчувальны элемент (мембрану), які вагаецца пад уздзеяннем гукавога ціску. Паводле прынцыпу дзеяння найб. пашыраны электрастатычныя (кандэнсатарны і электрэтны), дынамічныя і п’езаэл. М. У кандэнсатарным М. рухомая мембрана і нерухомы электрод утвараюць кандэнсатар пераменнай ёмістасці, да якога далучана знешняя крыніца сілкавання. У электрэтных М. найб. пашыраны мембраны з металізаванай электрэтнай плёнкі (гл. Электрэт), якая адначасова з’яўляецца крыніцай эл. поля. У дынамічных М. з мембранай жорстка злучана шпуля, што вагаецца ў пастаянным магн. полі і дзе ўзнікае эрс. У п’езаэл. М. да мембраны далучаны п’езаэлемент (гл. П’езаэлектрычнасць).

В.І.Шалатонін.

Схема дынамічнага мікрафона: 1 — магніт; 2 — шпуля; 3 — мембрана.

т. 10, с. 362

МІКРАХВА́ЛЕВАЯ ПЕЧ,

награвальная прылада, у якой аб’ект тэрмічнай апрацоўкі награецца за кошт паглынання ім энергіі эл.-магн. выпрамянення ад ЗВЧ-генератара. Выкарыстоўваецца для хуткага награвання прамысл. вырабаў, матэрыялаў і паўфабрыкатаў, прыгатавання ежы.

т. 10, с. 363

МІКРАХВА́ЛЕВАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

радыёспектраскапія ў дыяпазоне ЗВЧ.

т. 10, с. 363

МІКРАХВА́ЛЕВАЯ ТЭРАПІ́Я,

метад фізіятэрапіі, заснаваны на ўздзеянні ультракароткіх хваль на арганізм чалавека. Выкарыстоўваюць пры хваробах мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы, органаў апоры і руху, стрававання, як сродак процізапаленчага, абязбольваючага і спазмалітычнага ўплыву.

т. 10, с. 363

МІКРАХІРУРГІ́Я (ад мікра... + хірургія),

метад выканання аперацый на вельмі малых аб’ектах з выкарыстаннем аптычных прылад, мікраінструментаў і звыштонкага шоўнага матэрыялу. Пашырана ў афтальмалогіі, гінекалогіі, нейрахірургіі і інш. Дае магчымасць з дапамогай мікраскопаў, спец. інструментаў (мікраскальпелі, мікрасасудзістыя заціскачкі, мікрапіпеткі і інш.). і шоўных матэрыялаў (атраўматычныя іголкі таўшчынёй 70—130 мкм з сінт. ніткай 16—25 мкм) праводзіць трансплантацыі, аперацыі на сасудах дыяметрам 0,3—0,6 мм, рэплантацыі сегментаў канечнасцей (напр., перасадку пальцаў ступні на кісць) і інш., удасканальваць рэканструкцыйную і пластычную хірургію.

І.В.Залуцкі.

т. 10, с. 363

МІКРАЦЭФА́ЛІЯ (ад мікра... + грэч. kephalē галава),

малая велічыня чэрапа і галаўнога мозга пры адносна нармальных памерах іншых частак цела чалавека; загана развіцця. Суправаджаецца недаразвіццём і структурнымі парушэннямі будовы вял. паўшар’яў, разумовай недаразвітасцю (гл. Алігафрэнія), затрымкай псіхічнага развіцця, мышачнай гіпатаніяй і інш. Бывае М. першасная (спадчынная) і другасная (пашкоджанні галаўнога мозга, напр., родавая траўма, запаленне і інш.). М. адрозніваюць ад гіпаплазіі галаўнога мозга (змяншэнне масы мозга без структурных парушэнняў).

М.К.Недзьведзь.

т. 10, с. 363

МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),

сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.У.Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.

т. 10, с. 363

МІКРАЭКАНО́МІКА,

раздзел эканам. навукі, аб’ектам даследавання якога з’яўляюцца адасобленыя эканам. адзінкі (прадпрыемствы, фірмы, аб’яднанні, хатнія гаспадаркі і да т.п.), а таксама асобныя рынкі, канкрэтныя цэны, тавары і паслугі. У адрозненне ад макраэканомікі ў цэнтры ўвагі М. знаходзяцца вытворцы і спажыўцы, рыначныя паводзіны суб’ектаў, аналіз попыту і прапанавання на асобных рынках тавараў і паслуг, рабочай сілы і капіталу. На мікраўзроўні ажыццяўляецца непасрэднае выкарыстанне прац. рэзерваў краіны, іх уклад у эканоміку ў якасці рэсурсу і фактару вытв-сці.

У.Р.Залатагораў.

т. 10, с. 363