МІКРАЦЭФА́ЛІЯ (ад мікра... + грэч. kephalē галава),

малая велічыня чэрапа і галаўнога мозга пры адносна нармальных памерах іншых частак цела чалавека; загана развіцця. Суправаджаецца недаразвіццём і структурнымі парушэннямі будовы вял. паўшар’яў, разумовай недаразвітасцю (гл. Алігафрэнія), затрымкай псіхічнага развіцця, мышачнай гіпатаніяй і інш. Бывае М. першасная (спадчынная) і другасная (пашкоджанні галаўнога мозга, напр., родавая траўма, запаленне і інш.). М. адрозніваюць ад гіпаплазіі галаўнога мозга (змяншэнне масы мозга без структурных парушэнняў).

М.К.Недзьведзь.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)