Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАСНЯЦО́Ў Віктар Міхайлавіч

(15.5.1848, в. Лоп’ял Кіраўскай вобл., Расія — 23.7.1926),

рускі жывапісец. Правадзейны чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Брат А.М.Васняцова. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1867—68) у І.М.Крамскога і ў АМ (1868—74). Чл. Т-ва перасоўнікаў з 1878. У 1870-я г. выступіў з жанравымі карцінамі: «З кватэры на кватэру» (1876), «Ваенная тэлеграма» (1878). З 1880-х г. гал. тэма творчасці — рус. гісторыя, нар. быліны, казкі. Карціны «Пасля пабоішча Ігара Святаславіча з полаўцамі» (1880), «Алёнушка» (1881), «Цар Іван Васілевіч Грозны» (1897), «Асілкі» (1898), «Плашчаніца» (1901) і інш. пачынаюць нац. рамант. кірунак у рус. рэаліст. жывапісе. Тэатр. мастак, партрэтыст і аўтар ілюстрацый да кніг. У Нац. маст. музеі Беларусі карціны: «Партрэт сына», «Узлесак» (эцюд да «Алёнушкі», 1880—81), «Тры царэўны падземнага царства» (1884) і інш.

Літ.:

Васнецов В.А. Страницы прошлого.. Л., 1976.

т. 4, с. 32

ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.

т. 4, с. 32

ВАСТО́КАЎ Аляксандр Хрыстафоравіч

(27.3.1781, г. Кінгісеп, Эстонія — 20.2.1864),

рускі філолаг і паэт. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Еўрап. вядомасць Вастокаву прынеслі «Разважанні пра славянскую мову» (1820). У «Апісанні рускіх і славенскіх рукапісаў Румянцаўскага музеума» (1842) даў палеагр. і лінгвістычную характарыстыку 473 рукапісаў розных слав. рэдакцый. У 1843 выдаў помнік 11 ст. «Астрамірава евангелле» з лінгвістычнымі каментарыямі і слоўнікам. Аўтар зб-ка «Спробы лірычныя і іншыя дробныя творы ў вершах» (ч. 1—2, 1805—06), «Слоўніка царкоўнаславянскай мовы» (т. 1—2, 1858—61), «Граматыкі царкоўнаславянскай мовы» (1863) і інш. «Дослед пра рускае вершаскладанне» (1812) — адно з першых навук. даследаванняў сістэмы рус. танічнага вершаскладання.

Тв.:

Стихотворения. Л., 1935.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 63—70.

т. 4, с. 32

ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.

Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял. кн. ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б. ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст. ст.

А.А.Ярашэвіч.

т. 4, с. 33

ВАСТРАКІ́ЛЬНІЦА

(Lembotropis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй, Паўд. і Усх. Еўропе. На Беларусі на ПдЗ зрэдку трапляецца вастракільніца чарнеючая (Lembotropis nigricans). Расце на пясчаных мясцінах, у хваёвых барах, на высечках.

Куст выш. да 1,5 м, ад асновы моцнагалінасты, з прамымі прутападобнымі ўзыходнымі галінкамі. Лісце трайчастае, з непрыкметнымі прылісткамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, з непрыемным пахам, у негустых коласападобных гронках. Кіль лодачкі на верхавінцы дзюбападобна адцягнуты (адсюль назва). Плод — падоўжна-лінейны боб. Дэкар., сідэратныя і меданосныя расліны.

т. 4, с. 33

ВАСТРАЛО́ДАЧНІК

(Oxytropis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, у асноўным на Пд у гарах. На Беларусі рэдка трапляецца вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa). Расце на ўзгорках і ў сухіх хвойніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовыя травяністыя расліны (часта без сцябла), паўкусцікі або калючыя, звычайна падушкападобныя кусцікі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, рэдка простае або трайчастае. Кветкі рознага колеру, у пазушных гронкападобных суквеццях. Лодачка на канцы выцягнута ў вастрыё (адсюль назва). Плод — невял., звычайна аднагнездавы апушаны боб. Дэкар., кармавыя і лек. расліны.

т. 4, с. 33

ВАСТРАЦО́Ў Сцяпан Сяргеевіч

(29.12.1883, в. Вастрацова Бураеўскага р-на, Башкортастан — 3.5.1932),

ваенны дзеяч. Скончыў Ваен.-акад. курсы вышэйшага каманднага складу РСЧА (1924). З 1906 у арміі. За рэв. агітацыю сярод салдат у 1910 зняволены на 3 гады ў турму. У 1-ю сусв. вайну прапаршчык, узнаг. 3 Георгіеўскімі крыжамі. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандзір палка на Усх. і Зах. франтах, удзельнічаў у вызваленні ад польскіх войск Смалявіч, Мінска, Баранавіч, Ваўкавыска, Слоніма. У 1922 камандаваў групай войск пры вызваленні Прымор’я, у 1923 — экспедыцыяй па ліквідацыі войск ген. Пепяляева. У 1924—28 камандаваў дывізіямі на Беларусі. З 1929 камандзір корпуса, удзельнічаў у ліквідацыі канфлікту на Кітайска-Усх. чыгунцы. Чл. ЦВК БССР (1927—29). Адзін з першых кавалераў 4 ордэнаў Чырв. Сцяга.

т. 4, с. 33

ВАСТРЫ́ЦА

(Asperugo),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 1 від — вастрыца распасцёртая (Asperugo procumbens). Пашыраны ў Еўропе, Азіі, у Паўн. Афрыцы, як занесеная расліна — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку як пустазелле на агародах і каля жылля.

Аднагадовая цвёрдаапушаная травяністая расліна з распасцёртым па зямлі сцяблом даўж. да 60 см. Лісце чаргаванае, падоўжана-эліпсоіднае. Кветкі дробныя, спачатку фіялетавыя, потым блакітныя ці сінія, адзіночныя або па 2—3 у пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы і адхарквальны сродак) расліна.

т. 4, с. 33

ВАСТРЫ́ЦЫ

(Enterobius),

род чарвей атр. аксіўрыд кл. круглых чарвей. 20 відаў, пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і малпаў. На Беларусі пашырана вастрыца чалавечая (Enterobius vermicularis), паразітуе ў канцавым аддзеле тонкага кішэчніка і ў тоўстым кішэчніку (пераважна ў дзяцей); узбуджальнік энтэрабіёзу.

Цела ў самак даўж. 9—12 мм, самцоў 2—5 мм, белаватае, укрыта кутыкулай. Палаваспелыя самкі выпаўзаюць праз заднепраходную адтуліну, адкладваюць каля яе да 10—12 тыс. яец даўж. каля 0,05 мм і гінуць. Яйцы становяцца інвазійнымі праз 4—6 гадзін. У арганізм трапляюць з ежай, вадой і ў кішэчніку ператвараюцца ў дарослых паразітаў. Жывуць да 1 месяца.

т. 4, с. 33

ВА́СЬКАЎ КА́МЕНЬ,

помнік прыроды Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Аўгустова Валожынскага р-на Мінскай вобл., на схіле марэннай грады, у лесе. Валун сіеніту даўж. 3,9 м, шыр. 3,2 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11 м, аб’ём 21 м³, маса каля 56 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад з Пд Фенаскандыі. Памеры бачнай часткі Васькава каменя былі значна большыя да ўзрыву, якім у свой час спрабавалі разбурыць валун.

В.Ф.Вінакураў.

т. 4, с. 34