АЎТАТРЭ́НІНГ
(ад аўта... + англ. training трэніроўка),
псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).
т. 2, с. 121
АЎТАТЫ́ПІЯ
(ад аўта... + грэч. typos адбітак),
спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл. Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.
т. 2, с. 121
АЎТАФАЗІРО́ЎКА
(ад аўта... + фаза),
з’ява, якая забяспечвае аўтаматычнае падтрыманне сінхранізму (рэзанансу) паміж рухам зараджанай часціцы і зменай паскаральнага электрычнага поля. Абумоўлена залежнасцю прамежку часу паміж паслядоўнымі момантамі паскарэння часціцы ад яе поўнай энергіі. Адкрыта У.І.Векслерам (СССР, 1944) і незалежна Э.М.Макміланам (ЗША, 1945). Выкарыстоўваецца ў асн. тыпах паскаральнікаў: сінхратронах, сінхрафазатронах, фазатронах. На аснове аўтафазіроўкі спраектаваны цыклічныя паскаральнікі зараджаных часціц на вял. энергіі (100 МэВ і вышэй).
т. 2, с. 121
АЎТАХАРЫ́Я,
аўтахорыя (ад аўта... + ...харыя), распаўсюджванне насення і спораў раслін з дапамогай прыстасаванняў самой расліны, без удзелу паветра, жывёл і інш. знешніх агентаў. Ажыццяўляецца ў 2 асн. формах: самаадвольнае ападанне пладоў і насення пад дзеяннем сілы цяжару (барахорыя) і актыўнае раскіданне насення (у радыусе ад 1 да 15 м) з плода, які лопаецца. Гэта форма аўтахарыі ўласціва пераважна сухім пладам (бабовыя, гераніевыя, віды фіялкі і інш.), а таксама некаторым сакавітым (гарбузовыя, бальзамінавыя).
т. 2, с. 122
АЎТАХТО́Н (ад грэч. autochthōn мясцовы, карэнны) у геалогіі, участак зямной кары, які не зведаў значных гарыз. перамяшчэнняў і залягае пад насунутым на яго тэктанічным покрывам (алахтонам). Подсцільныя пароды звычайна рэзка адрозніваюцца ад покрыўных, зона размежавання іх запоўнена міланітамі. Можа мець складкавыя ці разрыўныя парушэнні незалежна ад покрыва або сумесна з ім. Пашыраны ў складкавых абласцях.
М.А.Нагорны.
т. 2, с. 122
АЎТАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,
горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння. Пераважна асадкавыя пароды (марскія, азёрныя, гідратэрмальныя і інш.). Найб. пашыраны ў платформавым чахле кантынентаў і ў ложы акіяна. Вывучэнне складу аўтахтонных адкладаў і пахаваных у іх рэшткаў арганізмаў дае магчымасць узнавіць прыроднае асяроддзе былых геал. эпох (напр., на Беларусі — гісторыю міжледавіковых эпох плейстацэну).
т. 2, с. 122
АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл. Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.
т. 2, с. 122
АЎТАХТО́НЫ,
абарыгены, арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі ўзніклі ў пэўнай мясцовасці і жывуць у ёй і цяпер. Звычайна складаюць стараж. ядро якой-н. флоры ці фауны, напрыклад качканос і эўкаліпт — аўтахтоны Аўстраліі, мурашкаеды, ляніўцы, дзікая бульба — аўтахтоны Паўд. Амерыкі. Выкапнёвыя аўтахтоны ўваходзяць у склад арыктацэнозаў. На Беларусі да аўтахтонаў належаць б.ч. выкапнёвых раслін і беспазваночных з адкладаў фанеразою; у сучаснай фауне і флоры не адзначаны.
т. 2, с. 122
АЎТАШТУ́РМАН,
аўтаномная аэранавігацыйная прылада, якая аўтаматычна рэгіструе каардынаты і шлях лятальнага апарата (ЛА) на карце ці на экране. Падзяляюцца на вымяральнікі каардынат і праграмныя аўтаматы, што накіроўваюць палёт ЛА па зададзенай трасе ці да зададзенага пункта. Складаюцца з датчыкаў курсу і паветр. скорасці, каардынатных механізмаў і размнажальных прыстасаванняў. Адрозніваюць аўташтурманы простай інстр. навігацыі (каардынаты ЛА вызначаюцца без уліку дзеяння ветру), аўташтурманы з частковай аўтаматызацыяй (вымераныя паказчыкі скорасці і напрамку ветру ўводзяць уручную) і аўтаматызаваныя (на базе ЭВМ). Пры падключэнні аўтапілота ЛА можна накіроўваць без удзелу лётчыка. Выкарыстоўваецца ў комплексе з інш. аэранавігацыйнымі прыладамі (астранамічнымі, радыётэхнічнымі і інш.).
т. 2, с. 122
АЎТАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,
выхад электронаў з металу (або паўправадніка) пад уздзеяннем моцнага эл. поля. Адбываецца з паверхні цела, якая адыгрывае ролю катода. Тлумачыцца на аснове тунэльнага эфекту і зоннай тэорыі цвёрдага цела. Пры павелічэнні вонкавага эл. поля змяншаецца патэнцыяльны бар’ер, большае імавернасць тунэльнага выхаду электронаў з цела, г. зн. павялічваецца колькасць выпрамененых электронаў. Шчыльнасць току аўтаэлектроннай эмісіі j=с1E2exp(-c2/E), дзе E — напружанасць эл. поля, c1 і c2 — канстанты,якія залежаць ад матэрыялу катода. На аўтаэлектроннай эмісіі заснавана дзеянне розных прылад і прыстасаванняў (халодных катодаў, тунэльных дыёдаў і інш.).
т. 2, с. 122