Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВАЦЯКО́Ў (Веньямін Іосіфавіч) (н. 1.8.1921, г. Бугуруслан Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. вірусолаг. Акад. АН Беларусі (1995), АМН СССР (1978, чл.-кар. 1971), Акадэміі прыродазнаўчых навук Расіі (1990), Рас. АМН (1991), д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў 2-і Маскоўскі мед. ін-т (1943). З 1950 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (да 1986 дырэктар). Навук. працы па хіміятэрапіі вірусных інфекцый, комплексным вывучэнні кляшчовага энцэфаліту, поліяміэліту, удасканаленні прафілакт. прэпаратаў супраць шаленства, гепатыту, грыпу, герпесу. Аўтар вынаходстваў па вірусных інгібітарах, тромбалітычных прэпаратах і супраць адарвання трансплантаваных органаў.

Тв.:

Западный клещевой энцефалит. Мн., 1978 (разам з І.​І.​Протасам, В.​М.​Жданавым);

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990 (у сааўт.);

Генерализованная герпетическая инфекция: факты и концепция. Мн., 1992 (у сааўт.).

Літ.:

Голубев Д., Солоухин В. Размышления и споры о вирусах. М., 1989. С. 219—222.

В.І.Вацякоў.

т. 4, с. 47

Вацякоў Іван Фаміч

т. 18, кн. 1, с. 363

ВАШАКТУ́Н (Vaxactun),

старажытны цырыманіяльны цэнтр плямён мая (1-е тыс. н.э.) у дэпартаменце Эль-Петэн (Гватэмала). У выніку раскопак выяўлены адно з найб. стараж. збудаванняў — прыступкавая храмавая платформа, якую ўпрыгожваюць маскі, будынак з фрэскавым жывапісам, рэшткі жылля з дрэва і пальмавых лістоў на мураваным падмурку 3—10 ст.

т. 4, с. 47

«ВА́ШЕ ЗДОРО́ВЬЕ»,

штомесячная незалежная газета. Выходзіць з 1994 у Мінску на рус. мове. Друкуе парады нар. медыцыны больш як 80 краін свету, дамашнія рэцэпты. Асвятляе пытанні аздараўлення насельніцтва рэспублікі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рацыянальнага харчавання, маральна-этычныя праблемы сям’і, праблемы здаровага ладу жыцця і інш.

т. 4, с. 48

ВАШКЕ́ВІЧ (Аляксандр Аляксандравіч) (28.8.1901, в. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.4.1945),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1945). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з лют. 1943 на Варонежскім, Сцяпным 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалк. Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27.9.1943 каля в. Перавалочная Кішэнькаўскага р-на Палтаўскай вобл. полк пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне. У складзе 2-й арміі Войска Польскага ў жн. 1944 камандаваў пях. дывізіяй. Загінуў у час Берлінскай аперацыі 1945.

А.А.Вашкевіч.

т. 4, с. 48

ВАШКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 1.10.1937, в. Ганалес Мінскага р-на),

бел. акцёр, тэатр. дзеяч. Засл. работнік культуры Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 акцёр Бел. драм. т-ра імя Я.​Коласа, з 1969 заг. аддзела культуры Віцебскага гарвыканкома, на парт. рабоце ў Віцебску і Мінску. З 1982 дырэктар Нац. акад. драм. т-ра імя Я.​Купалы.

т. 4, с. 48

ВАШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Раманавіч) (30.3.1900, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1970),

генерал-палкоўнік (1954). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі, нач. штаба 3-га Прыбалт. фронту. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Эстоніі, Латвіі. З 1945 нач. штаба Прыбалт. і Закаўказскай ваен. акруг. У 1955—56 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба, да 1961 на навук. рабоце.

У.Р.Вашкевіч.

т. 4, с. 48

ВАШЧА́К (Яраслаў Антонавіч) (19.2.1921, г. Броды, Украіна — 2.3.1989),

дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вышэйшы муз. ін-т імя М.​Лысенкі (Львоў, 1939). З 1944 дырыжор у оперных т-рах Украіны і Расіі. З 1972 гал. дырыжор, з 1980 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне кіраваў пастаноўкай опер «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Міндыя» А.​Тактакішвілі (1972), «Сельскі гонар» П.​Масканьі (1973), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1974), «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1979), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1986) і балетаў «Крылы памяці» У.​Кандрусевіча (1986), «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына (1974), «Спартак» А.​Хачатурана (1980), «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984); вак.-харэагр. прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983). Выканальніцкая манера Вашкевіча вызначалася спалучэннем эмац. свабоды са строгім густам, уважлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту.

А.​А.​Саламаха.

т. 4, с. 48

ВА́ШЧАНКА (Аляксей Ягоравіч) (каля 1920, в. Воската Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 5.9.1942),

герой Вял. Айч. вайны. Вызначыўся на Сталінградскім фронце. 5.9.1942 аўтаматчык Вашчанка ў крытычны момант бою, калі праціўнік адкрыў кулямётны агонь з замаскіраванага дзота, з воклічам «За Радзіму!» кінуўся на дзот і закрыў сваім целам амбразуру. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Леніна.

т. 4, с. 48

ВАШЧА́НКА Васіль Максімавіч, бел. гравёр па дрэве канца 17 — 1-й пал. 18 ст.; прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Сын М.Я.Вашчанкі. Працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні (1694—1730). Большасць твораў звязана з кніжнай графікай. Выканаў ксілаграфіі: загалоўныя лісты ў кнігах «Дыёптра» (1698); «Неба новае» І.​Галятоўскага, «Перла мнагацэннае» К.​Т.​Стаўравецкага (абодва 1699), «Кніга жыцій святых» Дз.​Растоўскага (1702, загаловачны ліст з відам на Магілёў); лісты «Іаан Дамаскін», «Нараджэнне Хрыста» для «Асмагласніка» І.​Дамаскіна (1730), антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 (з Богаяўленскага манастыра ў Полацку). Яго гравюры вылучаюцца па-майстэрску пабудаванай кампазіцыяй, сялянскім тыпажам, дасканаласцю пластычнага малюнка, выразнасцю контурнай лініі.

Літ.:

Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач. XVIII ст. Мн., 1925;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968.

В.​Ф.​Шматаў.

В.М.Вашчанка. Ілюстрацыя да «Кнігі жыцій святых». Ксілаграфія. 1702.

т. 4, с. 48