Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІ́ЧЫГАН (Michigan),

штат на Пн ЗША, каля Вялікіх азёр; на Пн мяжуе з Канадай. Пл. 150,8 тыс. км². Нас. 9773,9 тыс. чал. (1997). Адм. ц.г. Лансінг; найб. горад, гал. гасп. цэнтр і порт — Дэтройт. Тэр. М. складаецца з 2 паўастравоў: паўд. — паміж азёрамі Гурон і Мічыган, дзе пражывае больш за 95% насельніцтва штата, і паўн. — паміж азёрамі Мічыган і Верхняе, укрытага хвойнымі лясамі і вельмі рэдка населенага. Паверхня — пераважна хвалістая раўніна, на ПнЗ — невял. горныя масівы выш. да 604 м. Клімат умераны, на Пн з халоднай зімой. Сярэдняя т-ра студз. каля -5 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў каля 800—850 мм за год. Пад лесам (пераважна хвойным) каля 50% тэрыторыі. М. — адзін з вядучых прамысл. штатаў ЗША. Найб. развіты металургія, машынабудаванне, металаапрацоўка. Найважнейшая галіна — аўтамабілебудаванне (Дэтройт і суседнія гарады), з якой звязаны шэраг абслуговых галін прам-сці. Развіты ваенная, хім., сілікатна-керамічная, харч., дрэваапр., мэблевая, папяровая прам-сць. Здабыча кухоннай солі, жал. і меднай руды. Сельская гаспадарка малочна-агародніннага кірунку. Вырошчваюць садавіну, вінаград (на ўзбярэжжы воз. Мічыган), цукр. буракі, бабовыя, кукурузу, пшаніцу, сою, кармавыя травы. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 11, свіней — 1, птушку — 6,2. Вытв-сць бройлераў. Лясная гаспадарка. Турызм на ўзбярэжжы Вял. азёр. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны.

т. 10, с. 491

МІ́ША,

рака, гл. Мышанка.

т. 10, с. 492

МІША́ЕВА (Ніна Паўлаўна) (н. 1.1.1937, г.п. Бобр Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне паразіталогіі і вірусалогіі. Д-р біял. н. (1986). Скончыла БДУ (1959). З 1959 у Бел, НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (з 1975 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні прыродных ачагоў трансмісійных вірусных інфекцый, распрацоўцы хіміятэрапеўт. прэпаратаў для прафілактыкі прыродна-ачаговых інфекцый, імуналогіі.

Тв.:

Явление регуляции гиперпаразитизма иммунитетом позвоночных (разам з В.​І.​Вацяковым, Т.​І.​Лабачовай) // Открытия, изобретения. 1987. № 31;

Достижения в этиотропном лечении вирусных гепатитов (разам з В.​І.​Вацяковым) // Мед. новости. 1996. № 10;

Проблема контроля за бешенством в различных регионах мира (разам з Л.​П.​Цітовым, А.​К.​Кажамякіным) // Постэкспозиционная профилактика бешенства в Республике Беларусь. Мн., 1998.

т. 10, с. 492

МІША́НІН (Юрый Фёдаравіч) (н. 27.6. 1942, с. Лябяжае Кемераўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў Омскі вет. ін-т (1968). У 1977—93 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. працы па абмене рэчываў і павышэнні прадуктыўнасці жывёл, уплыве мікраэлементаў на вугляводна-ліпідны абмен, прафілактыцы хвароб жывёл.

т. 10, с. 492

МІ́ШАРАЎ (Алег Севяр’янавіч) (7.4.1922, г. Саратаў, Расія — 31.5.1997),

бел. вучоны ў галіне дзіцячай хірургіі. Д-р мед. н. (1967), праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Саратаўскі мед. ін-т (1947). З 1954 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у 1969—94 у Мінскім мед. ін-це (да 1990 заг. кафедры). Навук. працы па дзіцячай (гнойнай) хірургіі, кардыяхірургіі, педыятрычнай інтэнсіўнай тэрапіі.

Тв.:

Повреждения груди и их лечение. Мн., 1970;

Справочник по педиатрии. Мн., 1979 (у сааўт.);

Справочник по детской хирургии. Мн., 1980 (у сааўт.).

т. 10, с. 492

МІ́ШКАЛЬЦ (Miskolc),

горад на ПнУ Венгрыі, у адгор’ях гор Бюк. Адм. ц. медзьё Боршад-Абауй-Земллен. 178 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Другі па значэнні пасля Будапешта прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: чорная металургія, маш.-буд., цэм., тэкст., шкляная, швейная, дрэваапр., харчовая, буд. матэрыялаў. Політэхн. ін-т. Музеі прыродазнаўства, мастацтва, гісторыі металургіі. Тэатр. Арх. помнікі 13—16 ст. Наваколлі М. з курортамі Лілафюрэд і Тапальца ўваходзяць у нац. парк Бюк. Міжнар. кірмаш.

З 10 ст. ўмацаванае пасяленне венграў. У 1241 зруйнаваны мангола-татарскімі заваёўнікамі. З 15 ст. каралеўскі горад, сталіца камітата Боршад. У 1519 атрымаў шырокія прывілеі; быў адным з цэнтраў Рэфармацыі. У 1596—1686 пад тур. панаваннем. У 19 ст. дзякуючы адкрытым паблізу М. радовішчам жалезнай руды стаў буйнейшым горадам Паўн. Венгрыі.

т. 10, с. 492

МІШЛЕ́ ((Michelet) Жуль) (21.8.1798, Парыж — 9.2.1874),

французскі гісторык рамантычнага кірунку. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1838). У 1834—36 праф. Сарбоны, у 1838—51 — Калеж дэ Франс. Напачатку прыхільнік ліберальнай манархіі, пазней — рэспублікі. За адказ прысягнуць Напалеону III пазбаўлены ў 1852 кафедры і пасады загадчыка гіст. секцыі Нац. архіва. Аўтар прац «Гісторыя Францыі» (т. 1—17, 1833—67), «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—7, 1847—53), «Касцюшка, дэмакратычная легенда» (1851) і інш.

т. 10, с. 492

МІ́ШНЕВІЧЫ,

вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля сутокаў рэк Усыса і Обаль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км ад г.п. і чыг. ст. Шуміліна, 48 км ад Віцебска. 709 ж., 300 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Вайсковыя могілкі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 492

МІШТЭ́КІ індзейскі народ у Мексіцы. Жывуць у штатах Аахака, Герэра і Пуэбла. 270 тыс. чал. (1998). Гавораць на мове міштэкскай групы сям’і ата-манге і іспанскай. Вернікі — католікі. У 1200-я г. М. прыйшлі ў дзяржаву сапатэкаў (даліна Аахакі), што напачатку выклікала заняпад, а пазней росквіт змешанай міштэкска-саматэкскай культуры. У 15 ст. іх перамаглі аптэкі, у 1523 заваявалі іспанцы. У М. былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, мастацтва. Пра унікальнасць іх школы жывапісу сведчаць міштэкскія кодэксы (маляваныя кнігі) — своеасаблівыя гіст. дакументы, якія змяшчаюць звесткі пра генеалогію, гісторыю, фаўну і этнаграфію. У наш час М. займаюцца земляробствам, паляўніцтвам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, рамесніцтвам.

Літ.:

Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990. С. 81-99.

Да арт. Міштэкі. Фрагмент міштэкскага кодэкса даіспанскага перыяду.

т. 10, с. 492

МІШУ́ЛІН (Спартак Васілевіч) (н. 22.10. 1926, Масква),

расійскі акцёр. Нар. арг. Расіі (1981). Скончыў тэатр. студыю пры Калінінскім абл. драм. т-ры (1950). З 1949 у Калінінскім, Омскім т-рах, з 1961 у Маскоўскім т-ры сатыры. Камедыйны акцёр. Яго мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, эмац. выразнасць, тэмперамент, дакладны адбор выразных сродкаў выявіліся ў ролях: Скаромны («Таблетка пад язык» А.​Макаёнка), Астап Бендэр («Дванаццаць крэслаў» паводле І.​Ільфа і Я.​Пятрова), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Пічэм («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Стары («Шчаслівая падзея» С.​Мрожака), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Тузенбах («Тры сястры» А.​Чэхава), Сяргей («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Калабушкін («Самазабойца» М.​Эрдмана), Карлсан («Малыш і Карлсан, які жыве на даху» паводле А.​Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно: «Белае сонца пустыні» (1970), «Канец начнога злодзея», «Уласнасць рэспублікі» (абодва 1972), «Добра сядзім!» (1986), «Вярбоўшчык» (1991), «Бедная Саша» (1997) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэмія Расіі 1998.

С.В.Мішулін.

т. 10, с. 492