МІ́ЧЫГАН (Michigan),

штат на Пн ЗША, каля Вялікіх азёр; на Пн мяжуе з Канадай. Пл. 150,8 тыс. км². Нас. 9773,9 тыс. чал. (1997). Адм. ц.г. Лансінг; найб. горад, гал. гасп. цэнтр і порт — Дэтройт. Тэр. М. складаецца з 2 паўастравоў: паўд. — паміж азёрамі Гурон і Мічыган, дзе пражывае больш за 95% насельніцтва штата, і паўн. — паміж азёрамі Мічыган і Верхняе, укрытага хвойнымі лясамі і вельмі рэдка населенага. Паверхня — пераважна хвалістая раўніна, на ПнЗ — невял. горныя масівы выш. да 604 м. Клімат умераны, на Пн з халоднай зімой. Сярэдняя т-ра студз. каля -5 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў каля 800—850 мм за год. Пад лесам (пераважна хвойным) каля 50% тэрыторыі. М. — адзін з вядучых прамысл. штатаў ЗША. Найб. развіты металургія, машынабудаванне, металаапрацоўка. Найважнейшая галіна — аўтамабілебудаванне (Дэтройт і суседнія гарады), з якой звязаны шэраг абслуговых галін прам-сці. Развіты ваенная, хім., сілікатна-керамічная, харч., дрэваапр., мэблевая, папяровая прам-сць. Здабыча кухоннай солі, жал. і меднай руды. Сельская гаспадарка малочна-агародніннага кірунку. Вырошчваюць садавіну, вінаград (на ўзбярэжжы воз. Мічыган), цукр. буракі, бабовыя, кукурузу, пшаніцу, сою, кармавыя травы. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 11, свіней — 1, птушку — 6,2. Вытв-сць бройлераў. Лясная гаспадарка. Турызм на ўзбярэжжы Вял. азёр. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)