Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),

старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.

Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд. г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд. г. назад, пра што сведчыць узрост найб. стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд. г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).

Распад П. 2 пачаўся 200 млн. г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 12, с. 45

ПАНДЖНА́Д,

назва р. Сатледж у ніжнім цячэнні.

т. 12, с. 45

ПАНДЖЫКІ́ДЗЕ (Гурам Іванавіч) (н. 22.4.1933, Тбілісі),

грузінскі пісьменнік. Друкуецца з 1957. Раманы «Сёмае неба» (1967), «Камень чыстай вады» (1972), «Год актыўнага сонца» (1978) пра духоўную дэградацыю чалавека; раман-фантасмагорыя «Спіраль» (1985—86) — прыклад антыінтэлектуалізму ў навук. фантастыцы; раман «Кола д’ябла» (1996) пра трагедыю таленавітай асобы, што стала на шлях канфармізму ў жорсткіх ідэалагічных рамках. Аўтар зб-каў апавяданняў «Маркіза» (1961), «Вясёлы космас» (1964), «Зімовы дзень» (1970), «Аргенціна! Аргенціна!» (1979), кн. нарысаў «Залатая каманда» (1965).

Тв.:

Рус. пер. — Камень чистой воды. Тбилиси, 1974;

Год активного солнца: Романы.

М., 1983; Песочные часы: Романы, повесть, рассказы. Тбилиси, 1985; Спираль. М., 1989.

т. 12, с. 45

ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.

т. 12, с. 45

ПА́НДУС (ад франц. pente douce пакаты схіл),

прамавугольная ці крывалінейная ў плане нахіленая пляцоўка для пад’езду да параднага ўвахода, размешчанага над цокалем будынка, а таксама для пад’езду аўтамабіляў на верхнія паверхі ў вял. гаражах. У асобных выпадках замяняе лесвіцы ўнутры і звонку будынкаў і збудаванняў.

Пандус.

т. 12, с. 45

ПАНДЭ́КТЫ (лац. pandectae ад грэч. pandektēs усёабдымны),

у Стараж. Рыме творы вядомых юрыстаў, пабудаваныя ў выглядзе кароткіх вытрымак з законаў і прац папярэдніх аўтараў. Шырокую вядомасць атрымалі П., якія склалі 2-ю частку Кадыфікацыі Юстыніяна (найб. пашырана назва Дыгесты). П. разглядаліся як зб-кі дзеючага права і падручнікі.

т. 12, с. 45

ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),

катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 45

ПА́НДЭР (Хрысціян Іванавіч) (Хрысціян Генрых, 12.7.1794, Рыга — 10.9.1865),

расійскі біёлаг-эвалюцыяніст, адзін з заснавальнікаў эмбрыялогіі ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1823). Вучыўся ў Дэрпцкім ун-це (1812—14) і ва ун-тах Германіі. У 1816—18 працаваў у г. Вюрцбург. У 1821—27 у Пецярбургскай АН, з 1842 у Горным дэпартаменце. Навук. працы па эмбрыялогіі, палеанталогіі, агульнай і параўнальнай марфалогіі жывёл, геалогіі. Рэканструяваў прымітыўную форму стараж. бяссківічнага пазваночнага. Паказаў ролю 3 зародкавых лісткоў у фарміраванні органаў, адзінства арганізацыі выкапнёвых і сучасных форм жывёл і іх гіст. пераемнасць. Прызнаваў гіст. змены арганізмаў пад уплывам умоў асяроддзя. Працы П. выкарыстоўваў для абгрунтавання сваёй тэорыі Ч.Дарвін.

т. 12, с. 45

ПАНДЭРАМАТО́РНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́ (ад лац. ponus вага, цяжар + motor які рухае),

механічнае ўздзеянне аптычнага выпрамянення (святла) на целы, часцінкі, асобныя атамы і малекулы. Выяўляецца ў тым, што святло надае целу імпульс пры апрамяненні (светлавы ціск) або пры выпрамяненні (светлавая аддача), а таксама момант імпульсу пры апрамяненні эліптычна палярызаваным святлом (гл. Садоўскага эфект).

т. 12, с. 45

ПАНЕВЯЖЫ́С (Panevėžys),

горад у Літве, на р. Нявежыс (прыток р. Нямунас). Вядомы з 1503. 132 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць кінескопаў, кабелю, кампрэсараў), харч., лёгкая і інш., шкляны з-д. Драм. тэатр. Краязн. музей.

т. 12, с. 45