ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),

старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.

Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд. г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд. г. назад, пра што сведчыць узрост найб. стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд. г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).

Распад П. 2 пачаўся 200 млн. г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)