ПА́НДЭР (Хрысціян Іванавіч) (Хрысціян Генрых, 12.7.1794, Рыга — 10.9.1865),

расійскі біёлаг-эвалюцыяніст, адзін з заснавальнікаў эмбрыялогіі ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1823). Вучыўся ў Дэрпцкім ун-це (1812—14) і ва ун-тах Германіі. У 1816—18 працаваў у г. Вюрцбург. У 1821—27 у Пецярбургскай АН, з 1842 у Горным дэпартаменце. Навук. працы па эмбрыялогіі, палеанталогіі, агульнай і параўнальнай марфалогіі жывёл, геалогіі. Рэканструяваў прымітыўную форму стараж. бяссківічнага пазваночнага. Паказаў ролю 3 зародкавых лісткоў у фарміраванні органаў, адзінства арганізацыі выкапнёвых і сучасных форм жывёл і іх гіст. пераемнасць. Прызнаваў гіст. змены арганізмаў пад уплывам умоў асяроддзя. Працы П. выкарыстоўваў для абгрунтавання сваёй тэорыі Ч.Дарвін.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)