ВАЎКО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на У ад Навагрудка, 172 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Наваельня. 319 ж., 143 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 4, с. 44
ВАЎНЯ́НКА,
ваўнянка ружовая, ваўнуха (Lactarius torminosus), шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў барэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.
т. 4, с. 44
ВАЎНЯ́НКІ
(Lymantriidae, Orgyidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. У сусв. фауне каля 4 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце, найб. шматлікія ў вільготных трапічных лясах Азіі і Афрыкі. На Беларусі 12 відаў, сярод іх манашка, ваўнянка вярбовая (Leucoma salicis), залатагузка (Euproctis chrysorrhoea), няпарны шаўкапрад (Lymantria dispar) — шкоднікі пладовых і лясных дрэў.
Начныя матылі. Крылы ў размаху 25—70 мм. Цела патоўшчанае, густа апушанае. Ротавыя органы рудыментарныя (матылі не кормяцца). Кукалкі развіваюцца ў коканах. Вусені з пучкамі валаскоў на членіках, мнагаедныя, кормяцца лісцем пераважна дрэвавых раслін. Зімуюць у розных стадыях, часцей вусені.
т. 4, с. 44
ВАЎПША́САЎ Станіслаў Аляксеевіч
(27.7.1899, в. Грузджай Шаўляйскага р-на, Літва — 19.11.1976),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пачатку Вял. Айч. вайны камандзір батальёна асобнай мотастралк. брыгады спец. прызначэння, якая абараняла Маскву. З сак. 1942 у тыле ворага: камандзір спец. атрада «Мясцовыя», які дзейнічаў у Мінскай вобл., у 1943 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. У час вайны з Японіяй (1945) узначальваў у Маньчжурыі аператыўную групу. Да 1958 у органах дзярж. бяспекі.
т. 4, с. 44
ВАЎПЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Нёман. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 165 км². Пачынаецца каля в. Шніпава. цячэ па Ваўкавыскім узв. Даліна выразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае, на працягу 16,4 км каналізаванае. Берагі ўмерана стромкія. Каля в. Цярэшкі створана сажалка.
т. 4, с. 44
ВА́ЎРА
(Vávra) Отакар (н. 28.2.1911, Брно, Чэхія),
чэшскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Чэхаславакіі (1968). Праф. Акадэміі мастацтваў (1963, Прага). Заснавальнік нац. манум.-гіст. фільма: «Філасофская гісторыя» (1937), «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Тэме лёсу нацыі ў час 2-й сусв. вайны прысвечаны фільмы: «Нямая барыкада» (1949, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1950), «Дні здрады» (1973), «Сокалава» (1974, разам з СССР), «Вызваленне Прагі» (1976). Сярод інш. стужак: «Грамадзянін Брых» (1958), «Залаты ранет» (1965), «Раманс для карнета» (1967, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1968), «Вандраванні Яна Амаса» (1983).
т. 4, с. 44
ВАЎЧА́,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 32 км ад Докшыц, 165 км ад Віцебска, 42 км ад чыг. ст. Параф’янава. 199 ж., 105 двароў (1995).
Упершыню згадваецца ў 1395 як цэнтр вял. капітульнага маёнтка. У 16—17 ст. неаднаразова ўпамінаецца сярод уладанняў віленскага каталіцкага біскупства. Частка Ваўчы належала Тышкевічам, Пацам. З 1861 у Бягомльскай вол. Барысаўскага пав. У 1897 — 311 ж., 83 двары. З 1924 у Бягомльскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі часткова знішчылі вёску. Пасля вайны адноўлена. З 1960 у Докшыцкім р-не. Каля Ваўчы курганны могільнік 11—13 ст.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 44
ВАЎЧА́НКА,
рака ў Беларусі, у Асіповіцкім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 37,5 км. Пл. вадазбору 374 км². Пачынаецца за 1,8 км на ПдЗ ад р.п. Татарка Асіповіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Ваўчанка (справа), Ясенка (злева). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.
Даліна трапецападобная, шыр. 200—250 м. Пойма двухбаковая, шыр. 200—400 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае: выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. Каналаў.
т. 4, с. 44
ВАЎЧА́НКА туберкулёзная, найбольш цяжкая форма туберкулёзу скуры. Узбуджальнік (туберкулёзная палачка) трапляе ў скуру праз яе пашкоджанні, часцей — з раней пашкоджаных туберкулёзам унутр. органаў і лімфатычных вузлоў. Хвароба пачынаецца ў дзіцячым і юнацкім узросце з бугаркоў (3—4 мм у дыяметры) чырвонага ці жоўта-чырвонага колеру. З цягам часу бугаркі зліваюцца; на іх месцы застаецца стончаны белы рубец, на якім могуць з’явіцца новыя бугаркі. Лакалізацыя: скура твару, вушных ракавін, шыі, іншы раз скура ягадзіц, рук і ног. Лячэнне: супрацьтуберкулёзныя прэпараты, полівітаміны, агульнаўмацавальныя сродкі.
т. 4, с. 44