Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫ́РНАЎСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1879,

першая канстытуцыя Балгарыі. Прынята балг. Устаноўчым сходам 16.4.1879 у г. Тырнава (цяпер г. Вяліка-Тырнава) пасля вызвалення краіны ад тур. няволі ў выніку рус.-тур. вайны 1877—78. Адна з найб. дэмакр. канстытуцый свайго часу: дэкларавала роўнасць грамадзян перад законам, скасоўвала падзел на саслоўі, прадугледжвала ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, якія дасягнулі 21 года, свабоду друку, абавязковае бясплатнае пачатковае навучанне, недатыкальнасць асобы і маёмасці. Для распрацоўкі законаў і зацвярджэння бюджэту ўводзіўся аднапалатны парламент. Выканаўчая і ваен. ўлада засяроджвалася ў руках спадчыннага князя, заканад. ўладу якога абмяжоўваў парламент. У 1881 Т.к. адменена, у 1883—84 адноўлена. Пасля дзярж. перавароту 19.5.1934 не дзейнічала, афіцыйна адменена 4.12.1947 паводле рашэння Вял. нац. сходу.

т. 16, с. 80

ТЫ́РПІЦ (Tirpitz) Альфрэд фон (19.3.1849, г. Кюстрын, цяпер Костшын, Польшча — 6.3.1930),

германскі ваенна-марскі і паліт. дзеяч. Грос-адмірал (1911). На флоце з 1865. З 1877 развіваў ням. тарпедную зброю. У 1892—95 нач. штаба гал. камандавання герм. ВМФ. У 1897—1916 статс-сакратар ваенна-марскога ведамства. Падрыхтаваў і ажыццявіў законы аб ваенна-марскім буд-ве 1898, 1900, 1906, 1908 і 1912, што спрыяла ператварэнню Герм. імперыі ў 2-ю (пасля Вялікабрытаніі) вядучую марскую дзяржаву свету. У 1-ю сусв. вайну выступаў за вядзенне Германіяй неабмежаванай падводнай вайны. У 1917 разам з В.​Капам заснаваў кансерватыўную Ням. айч. партыю. У 1924—28 дэп. рэйхстага ад Ням. нац.-нар. партыі. Аўтар успамінаў (1919).

т. 16, с. 80

ТЫ́РСА ДЭ МАЛІ́НА [Tirso de Molina; сапр. Тэльес (Tellez) Габрыэль; 1571 ці каля 1583, Мадрыд — 12.3.1648],

іспанскі драматург. Вучыўся ва ун-це Алькала-дэ-Энарэс. Быў манахам. Аўтар каля 400 п’ес (зберагліся 80), у якіх прадоўжыў традыцыі Лопэ дэ Вэгі, асабліва ў жанры «камедыі плашча і шпагі», падрыхтаваў з’яўленне рэліг.-філас. драмы барока. Найб. вядомыя яго камедыі «Дон Хіль Зялёныя штаны» (1635), «Набожная Марта» (1636); драма «Севільскі свавольнік, або Каменны госць» (1630; першая літ. апрацоўка нар. падання пра Дона Жуана, якая стала першакрыніцай наступных інтэрпрэтацый); гіст. драмы «Разважнасць жанчыны» (1634), «Антона Гарсія» (1635); рэліг.-філас. драмы на біблейскія і агіяграфічныя сюжэты «Помста Фамары» (1627), «Асуджаны за недахоп веры» (1635). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Дон Хіль Зялёныя штаны» (1970, Брэсцкі абл. драм. т-р), «Раўнівая да сябе самой» (1979, Бел. т-р імя Я.​Коласа; 1984, Гродзенскі абл. драм. т-р).

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. М., 1969;

Толедские виллы. М., 1972.

Літ.:

Балашов Н.И. Тирсо де Молина // История всемирной литературы. М., 1985. Т. 3.

Г.​В.​Сініла.

Тырса дэ Маліна.

т. 16, с. 80

ТЫ́РЫ́НФ (грэч. Tiryns),

старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (Пелапанес). Паселішча ўзнікла ў эпоху неаліту. У пач. 2-га тыс. да н.э. Т. стаў цэнтрам дзяржавы ахейцаў. У час росквіту Т. (16—13 ст. да н.э.) быў пабудаваны палац, упрыгожаны фрэскамі ў мінойскім стылі, акропаль умацаваны мурамі таўшчынёй да 10 м (т.зв. цыклапічная муроўка). Сярод цароў Т. вядомы Дыямед, удзельнік Траянскай вайны. У канцы 13 ст. да н.э. горад спустошаны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. існаваў як невялікі поліс. Канчаткова разбураны каля 470 да н.э. Археал. даследаванні праводзяцца з 1831, найб. значныя вынікі атрыманы Г.​Шліманам і В.​Дзёрпфельдам у 1884—85.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 80

ТЫРЫ́СТАР (ад грэч. thyra дзверы, уваход + рэзістар),

паўправадніковая прылада з шматслойнай структурай тыпу p—n—p—n з 3 (ці больш) электронна-дзірачнымі пераходамі і ўласцівасцямі кіравальнага эл. вентыля. Мае 3 вывады, 2 з якіх (анод і катод) далучаны да крайніх абласцей монакрышталя, трэці (кіравальны) — да адной з унутраных абласцей (трыністар). Па сваіх уласцівасцях нагадвае тыратрон. Т. з 2 вывадамі (анодам і катодам) наз. дыністарам. Выкарыстоўваецца ў крыніцах эл. сілкавання (напр., электрапрыводзе), генератарах магутных імпульсаў, лініях эл. перадачы пастаяннага току, сістэмах кіравання і інш.

т. 16, с. 80

ТЫРЫЧМІ́Р,

найвышэйшая вяршыня Гіндукуша (7690 м) на Пн Пакістана. Складзена з крышт. парод. Ледавікі, фірнавыя палі.

т. 16, с. 80

ТЫРЭАТАКСІКО́З (ад новалац. thyreoidea шчытападобная залоза + таксікоз),

базедава хвароба, валляк дыфузны таксічны, захворванне, абумоўленае павышанай функцыяй шчытападобнай залозы. якая выдзяляе ў кроў залішнюю колькасць гармонаў. Часцей бывае ў жанчын. Пры Т. ў хворых парушаецца абмен рэчываў, з’яўляецца боль у вобласці сэрца, задышка пры фіз. нагрузцы, вірлавокасць. Пры прагрэсіраванні Т. развіваюцца цяжкія пашкоджанні сэрца, печані, палавых залоз. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 80

ТЫРЭАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, тырэатрапін,

гармон, які выпрацоўваецца пярэдняй доляў гіпофіза. Паводле хім. прыроды — глікапратэід. Стымулюе сінтэз і выдзяленне асн. гармонаў шчытападобнай залозы — тыраксіну і трыёдтыраніну, паскарае шэраг метабалічных працэсаў у залозе (напр., транспарт і пераўтварэнне глюкозы). Выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 16, с. 81

ТЫРЭ́НСКАЕ МО́РА (Mare Tirreno),

паўзамкнёнае мора паміж Апенінскім п-вам і а-вамі Сіцылія, Сардзінія і Корсіка; частка Міжземнага мора. Злучана з ім пралівамі Карсіканскім, Баніфача, Туніскім, Сардзінскім і Месінскім. Пл. 214 тыс. км². Найб. глыб. 3830 м. На ПдУ — Ліпарскія а-вы. Т-ра вады летам 22—24,5 °C, зімой 13—14 °C. Салёнасць 37,25—38,25‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (сардзіны. тунец, вугор, меч-рыба). Гал. парты: Неапаль, Палерма, Кальяры (Італія), Бастыя (Францыя).

т. 16, с. 81

ТЫРЭ́СІЙ (Teiresios),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сляпы прадказальнік з Фіваў. Паводле адной версіі міфа, Т. аднойчы ўбачыў багіню Афіну ў час купання і быў за гэта асляплёны, але пазней замест страчанага зроку Афіна дала яму дар прадказання. Паводле другой версіі, Т. убачыў дзвюх змей, забіў іх і ператварыўся ў жанчыну; вярнуў мужчынскае аблічча пасля таго, як зноў забіў іншых змей. У час спрэчкі паміж Зеўсам і Герай аб тым, каму каханне дае больш асалоды — мужчыне або жанчыне, Т. адказаў, што жанчыне, і быў асляплёны раззлаванай Герай. Аднак Зеўс даў Т. дар прадказання і доўгае жыццё.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 81