Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКРАСХЕ́МА,

тое, што інтэгральная схема.

т. 10, с. 362

МІКРАТРО́Н,

цыклічны рэзанансны паскаральнік электронаў. Паскарэнне часціц ажыццяўляецца за кошт энергіі высокачастотнага эл. поля рэзанатара, дзе яны рухаюцца ў аднародным пастаянным магн. полі. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.

т. 10, с. 362

МІКРАТЭЛЕФО́Н,

вузел тэлефоннага апарата, у якім для зручнасці карыстання канструктыўна аб’яднаны мікрафон і тэлефон. Часта наз. тэлефоннай трубкай.

т. 10, с. 362

МІКРАЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя ўгнаенні, якія маюць мікраэлементы, неабходныя раслінам у невял. колькасці. Пры дастатковай забяспечанасці раслін асн. пажыўнымі рэчывамі (азот, фосфар, калій) М. павышаюць ураджайнасць і ўстойлівасць раслін да захворванняў, а таксама паляпшаюць якасць с.-г. прадукцыі. Звычайна ў якасці М. выкарыстоўваюць солі мікраэлементаў, адходы прам-сці (шлакі, шламы), хелаты, што маюць мікраэлементы.

Патрэбнасць с.-г. культур у М. вызначаецца іх біял. асаблівасцямі і колькасцю мікраэлементаў у глебе, якая залежыць ад кіслотнасці глебы і колькасці гумусу ў ёй. Асн. спосабы выкарыстання М.: унясенне ў глебу да сяўбы разам з макраўгнаеннямі, апрацоўка растворамі М. раслін (апырскванне) і насення (перадпасяўное намочванне). Найб. пашыраныя М. — борныя ўгнаенні, медныя ўгнаенні, марганцавыя ўгнаенні, кобальтавыя ўгнаенні, цынкавыя ўгнаенні.

Літ.:

Рекомендации по использованию микроудобрений в земледелии Белоруссии, Литвы, Латвии, Эстонии. Мн., 1987;

Федюшкин Б.Ф. Минеральные удобрения с микроэлементами: Технология и применение. Л., 1989.

Р.У.Васілюк.

т. 10, с. 362

МІКРАФА́П,

адзін з тыпаў лейкацытаў, тое, што нейтрафілы.

т. 10, с. 362

МІКРАФАТО́МЕТР (ад мікра... + фатометр),

мікрадэнсітометр, прылада для вымярэння ступені паглынання святла (аптычнай шчыльнасці) на малых участках праяўленых чорна-белых і каляровых фатаграфічных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца для фотаметрычных вымярэнняў спектраграм, рэнтгенаўскіх плёнак і інш. фатагр. відарысаў.

Спалучае дэнсітометр з аптычнай прыладай, якая павялічвае відарыс (звычайна ў 25—50 разоў). Да асобных тыпаў М. адносяць спектрамікрафатометры для вымярэння залежнасці аптычнай шчыльнасці ад даўжыні хвалі выпрамянення і ізамікрафатометры для выяўлення пунктаў відарыса з аднолькавай шчыльнасцю. Існуюць М. для вымярэння інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на фатагр. матэрыял.

т. 10, с. 362

МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),

скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 362

МІКРАФІЛЬМАВА́ННЕ,

атрыманне фатагр. спосабам зменшаных у дзесяткі і сотні разоў копій (мікрафільмаў) тэкставых і графічных матэрыялаў; азін з працэсаў, што выкарыстоўваюцца ў аргтэхніцы. Дае магчымасць працягла захоўваць арыгіналы без іх пашкоджання пры частым выкарыстанні, аператыўна ўзнаўляць копіі мікрафільмаў і інш.; патрабуе фотаматэрыялаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю і спец. аптычных сродкаў пры здымцы і чытанні. Выкарыстоўваецца ў н:-д. і праектна-канструктарскіх установах, архівах, б-ках і інш.

т. 10, с. 362

МІКРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ, мембранная фільтрацыя,

метад раздзялення вадкіх і газападобных дысперсных сістэм з памерамі часцінак 0,02—10 мкм; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Займае прамежкавае становішча паміж ультрафільтрацыяй і фільтраваннем. Пры М. ў якасці мембран выкарыстоўваюць пераважна палімерныя высакапорыстыя плёнкі. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; ажыццяўляюць М. пад ціскам 0,01—0,1 МПа. Пры М., у адрозненне ад інш. барамембранных працэсаў, на паверхні мембраны магчыма ўтварэнне цвёрдай фазы (асадку солей). Выкарыстоўваюць пераважна для стэрылізацыі паветра і раствораў, тонкай ачысткі тэхнал. асяроддзяў.

Літ.:

Брок Т.Д. Мембранная фильтрация: Пер. с англ. М., 1987.

А.В.Більдзюкевіч.

т. 10, с. 362

МІКРАФІЛЯ́РЫІ,

лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia i інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.

т. 10, с. 362