ВАДЗІ́НСКІ Дамінік Іванавіч
(н. 10.3.1921, с. Малая Саліха Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1970). Акадэмік Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў Вінніцкі пед. ін-т (1948). Працаваў у школе, Вінніцкім (1966—76) і Мінскім (1979—86) пед. ін-тах. Даследуе праблемы маралі, патрыят., сямейнага выхавання, пазакласнай і пазашкольнай работы, школазнаўства, педагогікі вышэйшай школы. Аўтар прац: «Пазакласная выхаваўчая работа» (1961), «Выхаванне цікавасці да ведаў у падлеткаў» (1963), «Навуковыя асновы маральнага выхавання школьнікаў» (1982), «Фарміраванне маральных каштоўнасных арыентацый будучых педагогаў» (з А.А.Грымацем, 1993).
В.У.Чэчат.
т. 3, с. 436
ВА́ДЗІ-НАТРУ́Н,
Вадзі-эн-Натрун, тэктанічная ўпадзіна ў Егіпце, на З ад дэльты Ніла, на выш. 24 м ніжэй узр. м. Даўж. 40 км, шыр. 3—8 км. Дробныя салёныя азёры. Здабыча троны (араб. натрон — рэдкі мінерал).
т. 3, с. 436
ВА́ДЗІ-ТАРТА́Р,
наліўное вадасховішча ў Іраку, у міжрэччы Тыгра і Еўфрата. Напаўняецца водамі р. Тыгр. Створана ў 1957—76 для барацьбы з паводкамі і ірыгацыі. Пл. 3400 км², даўж. 100 км, аб’ём вады 85,5 км³.
т. 3, с. 436
ВА́ДЗІ-ЭЛЬ-АРА́БА,
старажытныя медныя руднікі ў аднайм. даліне-грабене ў Зах. Азіі, на мяжы Іарданіі і Ізраіля; вядомыя таксама пад назвай «Капальні цара Саламона». Адкрыты ў 1945, археолага-геал. даследаванне праводзілася з 1959. Пл. да 400 км². Асн. тып арудзянення — медзістыя пясчанікі. Каля 3000 стараж. распрацовак. Найб. раннія з іх належаць да меднага веку (4-е тыс. да н.э.), пазнейшыя — да пачатку н.э. (перыяд рымскага ўладарніцтва). Найб. актыўна эксплуатаваліся ў перыяд Новага Царства Стараж. Егіпта (14—11 ст. да н.э.). Асн. тыпы вырабатак — ствалы, штрэкі, штольні. Макс. глыб. шахтаў 36 м, даўж. штрэкаў каля 50 м і больш. Вядомы медзеплавільні з металургічнымі горнамі і інш.
т. 3, с. 436
ВАДЗЯНА́Я ПА́РА ў атмасферы, вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл. Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.
т. 3, с. 436