Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎТАСІ́Н,

тое, што сельсін.

т. 2, с. 120

АЎТАСО́МЫ

(ад аўта... + грэч. sōma цела),

усе храмасомы ў клетках раздзельнаполых жывёл і раслін, за выключэннем палавых храмасом.

т. 2, с. 120

АЎТАСТО́П

(ад аўта... + англ. stop спыненне),

1) прыстасаванне на лакаматыве і чыг. пуці для аўтам. спынення чыг. поезда. Адрозніваюць аўтастопы механічныя (на чыгунках метрапалітэнаў) і эл.-магнітныя (на магістральных чыгунках). Сістэма аўтастопа на лакаматыве злучана з паветраным тормазам, на чыг. пуці — з пастаяннымі пуцявымі сігналамі. Паводле прынцыпу ўздзеяння на лакаматыўныя тармазныя сістэмы аўтастопы бываюць кропкавыя (індуктыўнарэзанансныя; уздзеянне аўтастопаў на лакаматывы перадаецца ў вызначаных пунктах) і безупынныя (на працягу ўсяго блок-участка).

2) У самадзейным турызме — метад падарожжа па краіне з дапамогай безаплатнага спадарожнага аўтатранспарту.

т. 2, с. 121

АЎТАСТРА́ДА,

тое, што аўтамагістраль.

т. 2, с. 121

АЎТАСЧЭ́ПКА,

1) прыстасаванне для аўтам. счаплення вагонаў і лакаматываў. Адрозніваюць аўтасчэпку жорсткую (у метрапалітэне) і няжорсткую (на чыг. транспарце). Складаецца з механізма счаплення расчэпнага прывода і цэнтравальнай прылады. Пры счэпцы вагонаў аўтасчэпкі цэнтруюцца, малы зуб і замок адной уваходзіць у паз другой, замкі зашчэпліваюцца. Удары і рыўкі памяншае вупражнае прыстасаванне з паглынальнай прыладай. Раз’ядноўваюць аўтасчэпку ўручную.

2) Прыстасаванне для аўтам. злучэння навяснога с.-г. абсталявання або машыны з механізмам навескі трактара. Складаецца з замка, што мацуюць на раме абсталявання ці машыны, рамкі, якую спалучаюць з цягамі навескі трактара.

т. 2, с. 121

АЎТАТАМІ́Я

(ад аўта... + грэч. tomē адсячэнне),

самакалечанне, здольнасць некаторых жывёл самаадвольна аддзяляць часткі свайго цела пры рэзкім раздражненні. Звязана з уласцівасцю ўзнаўляць страчаныя часткі цела: у яшчаркі вырастае новы хвост замест адламанага, у рака — клюшні, у актынідыі — шчупальцы. Аўтатамія — ахоўнае прыстасаванне, якое выпрацавана ў працэсе эвалюцыі як спосаб пасіўнай абароны. Часам звязана з размнажэннем: адламаныя прамяні марскіх зорак могуць аднавіцца ў цэлую жывёліну. Уласціва многім прадстаўнікам фауны Беларусі: гідрам (адкідваюць шчупальцы), кольчатым чарвям (канец цела), павукам, матылям, конікам і ракам (канечнасці), яшчаркам порсткай і жывароднай, вераценніцы ломкай, некаторым птушкам (глушцы, цецерукі), здольным пры небяспецы скідаць покрыўнае пер’е і інш.

т. 2, с. 121

АЎТАТРАНСФАРМА́ТАР,

электрычны трансфарматар, у якога першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку. Найчасцей карыстаюцца аўтатрансфарматарам з плаўным рэгуляваннем выхаднога напружання, дзе нагрузку падключаюць да кантактаў, што рухаюцца па вітках абмоткі. Такія даюць магчымасць пры зменным першасным напружанні захоўваць пастаянным другаснае. Аўтатрансфарматары выкарыстоўваюць ў ланцугах энергасістэм, рэлейнай ахове, у прыстасаваннях аўтаматыкі і радыёэлектронікі для пуску магутных электрарухавікоў і інш.

т. 2, с. 121

АЎТАТРАПІ́ЗМ

[ад аўта... + трапізмы(ы)],

здольнасць раслін самаадвольна выраўноўваць восевыя органы ад залішняга выгіну, выкліканага якім-н. вонкавым уздзеяннем. Напрыклад, выраўноўванне сцяблоў злакаў, якія палеглі ад дажджу, ветру, або галін раслін ад снегу.

т. 2, с. 121

АЎТАТРО́ФНАСЦЬ ЧАЛАВЕ́ЦТВА,

атрыманне чалавецтвам ежы і энергіі штучным шляхам, без удзелу прадуцэнтаў. Напрыклад, атрыманне раслінападобнай ежы метадамі штучнага фотасінтэзу. Прапанаванае У.І.Вярнадскім паняцце аўтатрофнасці чалавецтва (1937) сучасная навука рэкамендуе пашыраць на безадходныя і малаадходныя тэхналогіі, надаўшы яму стратэгічнае прыродаахоўнае адценне: аўтатрофнасць чалавецтва павышае незалежнасць чалавецтва ад прыродных крыніц забеспячэння яго ежай і энергіяй, спрыяе захаванню прыродных рэсурсаў і гарманізацыі суадносін чалавецтва з прыродай.

т. 2, с. 121

АЎТАТРО́ФЫ

[ад аўта... + ...троф(ы)],

аўтатрофныя арганізмы, арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.

т. 2, с. 121