лізаблю́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм. Прыслужнік, падліза. [Дзямян:] — Людзі ўслед [леснікам] крычалі: «Панскія найміты, лізаблюды!» Пестрак.
ліза́цца, ліжуся, ліжашся, ліжацца; заг. ліжыся; незак.
1. Лізаць сябе; лізаць адзін другога. Сабака ліжацца.
2. Разм. зневаж. Цалавацца. — Дар’я Латушка разышлася з Мацеем. А ўжо як .. лізаліся. Дуброўскі. // Разм. неадабр. Вадзіцца, знацца.
3. перан. Разм. Падлізвацца да каго‑н. [Юрка:] — А сам [бацька], дык у той жа дзень пайшоў ды ўсё шчацінне прапіў. На гэта дык ён — маўчыць. А пасля дык ужо ліжацца: можа, кажа, табе, Юрка, новую шапку купіць. Чорны.
ліза́ць, ліжу, ліжаш, ліжа; заг. ліжы; незак., каго-што.
1. Праводзіць языком па чым‑н., дакранацца языком да каго‑, чаго‑н. [Сабачка] кідаўся да ног, лашчыўся, лізаў рукі, зазіраў у вочы і паціху скавытаў. Няхай. // Падбіраючы языком, есці, піць. [Сабака] лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом. Колас. Гора гараваць — не мёд лізаць. Прыказка.
2. перан. Дакранацца, пакрываць, абдаваць сабой (пра хвалі, полымя і пад.). Пасека была ў агні. Полымя бушавала пад самай лініяй — расцяробам, лізала дол, лезла ўгору па маладым сасонніку. Пташнікаў. За соснамі адгадваўся блізкі праліў, чутно было, як ліжуць гальку хвалі. Лупсякоў.
3. Разм. зневаж. Цалаваць.
•••
Лізаць рукі (ногі, пяткі, боты) каму — уніжацца, падлізвацца, падхалімнічаць перад кім‑н.
лізі́н, ‑у, м.
Адна з амінакіслот, якая ўваходзіць у састаў амаль усіх бялкоў, пераважна жывёльных.
[Грэч. lysis — растварэнне.]
лі́зіс, ‑у, м.
Спец. Павольнае паніжэнне высокай тэмпературы пры некаторых хваробах; проціл. крызіс.
[Ад грэч. lysis — растварэнне, развязванне.]
лізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. каго-што. Аднакр. да лізаць.
2. чаго. Разм. З’есці чаго‑н. зусім нямнога; паспытаць. Павінен табе сказаць, Сымон, .. [Давід] вельмі слаба есць. Лізне чаго-небудзь, што тое кацяня, і ўжо не можа больш. Машара.
лізо́л, ‑у, м.
Масляністая вадкасць чырвона-бурага колеру, якая ўжываецца для дэзінфекцыі.
[Грэч. lysis — растварэнне і лац. oleum — алей.]
лізу́н, ‑а, м.
Разм.
1. Той, хто любіць лізаць, лізацца (пра жывёл).
2. Той, хто любіць цалаваць, цалавацца.
3. перан. Ліслівец, падлізнік, падхалім.
лізу́ха, ‑і, ДМ лізусе, ж.
Разм. Жан. да лізун.