Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лік 1, ‑у, м.

1. Паняцце колькасці, велічыня, пры дапамозе якой праводзіцца лічэнне. Простыя лікі. Цэлыя лікі. Тэорыя лікаў (аддзел матэматыкі, які вывучае агульныя ўласцівасці цэлых лікаў).

2. Дзеянне паводле дзеясл. лічыць (у 1–4 знач.).

3. Колькасць каго‑, чаго‑н. У снежні .. лік заяў у калгас дайшоў да пятнаццаці. Брыль. Агромністы гмах машынабудаўнічага завода ўцяг[в]аў у сябе бясконцы лік рабочых. Гартны.

4. Састаў, рад вядомай колькасці каго‑, чаго‑н. [Лясніцкі] быў з ліку тых людзей, якія старанна абдумваюць кожны свой учынак, кожны крок. Шамякін.

5. Вынікі гульні, выражаныя ў лічбах. Футбольны матч закончыўся з лікам 3:2.

6. Граматычная катэгорыя, якая выражае адзінкавасць або множнасць. Адзіночны лік. Множны лік.

•••

Змешаны лік — лік, які складаецца з цэлага ліку і дробу.

Найменны лік — лік, пры якім стаіць назва адзінкі вымярэння (напрыклад: 5 метраў, 10 гектараў).

Парны лік — граматычная катэгорыя, якая ўжывалася ў некаторых старажытных мовах для абазначэння двух прадметаў або дзвюх асоб.

Сапраўдны лік — усякі матэматычны лік, дадатны або адмоўны, цэлы або дробавы; проціл. уяўны.

Уяўны лік — лік, які з’яўляецца коранем цотнай ступені з адмоўнай велічыні.

Без ліку — вельмі многа, шмат. Глядзяць усе праз вокны, дзверы, як неба шле людзям дары без ліку, без ніякай меры. Дубоўка.

Ліку няма гл. няма.

У лік чаго — а) скарыстоўваць грашовыя сродкі з якой‑н. крыніцы даходу. Аванс у лік зарплаты; б) па якому‑н. плану, абавязацельству. Ластаўкі ў лік крэдытных пагадненняў; в) па планах, абавязацельствах якога‑н. часу. Працаваць у лік наступнага года.

лік 2, ‑у, м.

Кніжн. уст.

1. Твар. Лікі святых.

2. перан. Аб знешніх абрысах планет, даступных зроку чалавека. Ужо сонца, сонца чырванее, І свецяць ясна лікі зор. Гурло.

лікава́нне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лікаваць.

лікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; заг. лікуй; незак.

Кніжн. Праяўляць вышэйшую ступень радасці з выпадку якой‑н. выдатнай падзеі. Наўкол — агністыя сцягі; Лікуе шчасны край. Журба. Зямля наша сёння лікуе, у кожнага — радасны дзень. Машара.

лі́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ліку ​1 (у 1 знач.). Лікавая велічыня. Лікавая паслядоўнасць.

2. Выражаны лікам. Лікавыя даныя. Лікавы маштаб.

лікапо́дый, ‑ю, м.

Спелыя сухія споры дзеразы. // Жоўты парашок са спораў (выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы).

[Ад грэч. lycopodium.]

лікбе́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Ліквідацыя непісьменнасці.

2. ‑а. Школа для навучання грамаце непісьменных дарослых; лікпункт.

ліквідава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ліквідаваць.

ліквідава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ліквідаваць.

ліквідава́цца, ‑дуецца; зак. і незак.

1. Спыніць (спыняць) сваю дзейнасць. Установа ліквідуецца. Прадпрыемства ліквідавалася.

2. толькі незак. Зал. да ліквідаваць.

ліквідава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.

Правесці (праводзіць) ліквідацыю. [Бохан:] — Абвяшчаю вам загад штаба: атрад ваш мы ліквідуем, распускаем. Лынькоў. Сёння з раніцы я пачаў перадаваць тэлеграмы, спадзеючыся хутка ліквідаваць загрузку. Шынклер. Ганне Сяргееўне і раней у падполлі прыходзілася сустракацца з такімі выпадкамі, калі трэба было ліквідаваць правакатараў. Няхай.