лі́па 1, ‑ы, ж.
1. Лісцевае дрэва сямейства ліпавых з сэрцападобнымі пілаватымі лістамі і жаўтаватымі духмянымі меданоснымі кветкамі. Ціха шалясцяць на вятрыску пахучыя ліпы. Лынькоў. Ад высокіх ліп, што вартаўнікамі стаялі ўздоўж вуліцы, разносіўся саладкаваты водар квецені. Ваданосаў.
2. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва; матэрыял. Зрабіць начоўкі з ліпы.
лі́па 2, ‑ы, ж.
Разм. груб. Пра што‑н. фальшывае, падробленае, несапраўднае.
лі́павы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ліпы 1, уласцівы ёй. Ліпавая кара. // Які складаецца з ліп, абсаджаны імі. Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Колас. // Зроблены з драўніны, лыка, кары ліпы. Ліпавая кадушка. □ З лесу выходзіць бацька. На ім доўгая белая кашуля і новыя ліпавыя лапці. Асіпенка. // Прыгатаваны, сабраны з ліпавага цвету. Ліпавы чай. Ліпавы мёд.
2. у знач. наз. лі́павыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якіх адносяцца ліпа, джут і інш.
•••
Ліпавы цвет гл. цвет.
лі́павы 2, ‑ая, ‑ае.
Разм. Падроблены, фальшывы, несапраўдны. Ліпавыя дакументы.
лі́паўка, ‑і, ДМ ‑паўцы; Р мн. ‑павак; ж.
Разм. Невялікая бочка, выдзеўбаная з кругляка ліпы. Палешукі везлі ў Старочын на продаж сваё багацце: дзежкі, ліпаўкі, цабры, вёдры. Чарнышэвіч.
лі́пень, ‑я, м.
Сёмы месяц каляндарнага года.
лі́пеньскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ліпеня, уласцівы яму. Ліпеньская ноч. Ліпеньская спёка. □ Тым часам канчалася лета. Адгрымелі ліпеньскія і жнівеньскія начныя навальніцы, гучна адспяваўшы песні лету. Колас. // Які адбываецца ў ліпені. Ліпеньскія падзеі.
лі́пец, ‑пцу, м.
Абл. Ліпавы мёд. Светлы змрок загусцеўся, як ліпец у ліпаўках. Барадулін.
ліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
Разм.
1. Ледзь-ледзь трымацца (пра каго‑, што‑н.). У акуратна зрубленай клеці ледзь ліпяць на адной завесе — вось-вось упадуць — перакошаныя дзверы. Лынькоў. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. У той час мы з Андрыянай разам жылі, наймалі маленькі катушок пад самым дахам. То яна якую работу знаходзіла, то я. Так і ліпелі. Хомчанка.
2. перан. Пра вельмі слабае праяўленне якіх‑н. працэсаў, пра стан заняпаду чаго‑н. Ледзь ліпіць аганёк, Смольны корч дагарае. Зарыцкі.
•••
Ліпець на валаску (на павуцінцы) — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).
лі́піна, ‑ы, ж.
Разм. Асобнае дрэва ліпы.
лі́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Памянш.-ласк. да ліпа 1; маладая ліпа. [Месяц] стуліўся за кучаравую пахучую ліпку. Крапіва.
•••
Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку гл. абадраць.