Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́ра 1, ‑ы, ж.

1. Старажытнагрэчаскі струнны шчыпковы музычны інструмент. // перан. Паэт. Ужываецца як сімвал паэзіі, паэтычнай творчасці. Славу спяваеш ты роднаму краю, Сэрца прыносячы дар, Звонкая ліра твая не сціхае, Наш, беларускі пясняр. Русак.

2. Даўнейшы народны беларускі струнны музычны інструмент з клавішамі і корбай.

[Грэч. lyra.]

лі́ра 2, ‑ы, ж.

Грашовая адзінка ў Італіі і Турцыі.

[Іт. lira.]

лірападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які нагадвае па форме ліру ​1 (у 1 знач.). На фоне залацістай палянкі вырысаваўся лірападобны хвост, мігнулі шызыя падкрыллі. Гамолка.

лірахво́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Птушка атрада вераб’іных з бура-шэрым апярэннем і лірападобным хвастом.

лірахво́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае хвост, падобны на ліру ​1 (у 1 знач.). На бярозу ўзляцеў чорны лірахвосты цецярук. Ігнаценка.

лі́ра-эпі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які спалучае элементы лірыкі і эпасу (пра літаратурны твор). Ліра-эпічная паэма.

лі́рнік, ‑а, м.

Гіст. Вандроўны беларускі музыка-пясняр, які акампаніруе сабе на ліры ​1 (у 2 знач.). Пры самай сцяне прытуліўся лірнік. .. Ён круціць корбу ліры і спявае. Вітка.

лі́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліры ​1. Пачуліся гукі лірных струн. Караткевіч.

ліры́зм, ‑у, м.

1. Элементы эмацыянальнасці, паэтычнай усхваляванасці, сардэчнасці ў творах мастацтва. Апавяданні Змітрака Бядулі .. маюць тую асаблівасць, што ў трагічных малюнкам моцна гучыць тон мяккага, спакойнага лірызму. Каваленка. Паэма П. Труса «Дзесяты падмурак» і выклікае цікавасць перш за ўсё сілай свайго лірызму ў апяванні рэвалюцыі. Гіст. бел. сав. літ.

2. Разм. Лірычны настрой.

лі́рык, ‑а, м.

Аўтар лірычных літаратурных твораў; лірычны паэт. Маякоўскі — найвялікшы лірык сацыялістычнай эпохі. Перкін.

лі́рыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (з эпасам і драмай), у якім адлюстроўваюцца перажыванні паэта, яго думкі, настроі, пачуцці (звычайна ў вершаванай форме). [Янка Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Эмацыянальны элемент у творах якога‑н. пісьменніка, мастака.

2. Сукупнасць твораў гэтага роду літаратуры. Лірыка Багдановіча. Лірыка М. Танка.

3. перан. Разм. Чуллівасць, перажыванні, настрой. Адна лірыка цяпер займала сэрца Кузьмы. Што ж яму рабіць? Куды пайшла Насця? Дзе шукаць яе? Колас.

[Ад грэч. lyrikē —які пяецца пад гукі ліры, чуллівы.]