Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліс, ліса; мн. лісы, ‑оў; м.

1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых з вострай мордай і доўгім пушыстым хвастом. Як толькі яны ўзышлі на ўзлесак, адзін з хлапчукоў выпудзіў даўгахвостага ліса. Шахавец. // Футра гэтай жывёліны.

2. Самец лісы.

3. перан. Разм. Пра хітрага, ліслівага чалавека. [Вайтовіч:] — Ты стары ліс і хады ўсе ведаеш не горш за свайго пана, але параду маю паслухай. Пальчэўскі.

ліса́, ‑ы, ж.

1. Самка ліса.

2. Тое, што і ліс (у 1, 3 знач.). На прылужжы, дзе раса, След пакінула ліса. Калачынскі. Заходзіць .. пані Ядзя — маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. Быкаў.

лісахво́ст, ‑у, М ‑сце, м.

Травяністая кармавая расліна сямейства злакавых з суквеццем у выглядзе мяцёлкі. Кусцілася чаротніца, над ёй узнімаліся абсыпаныя пылком свеч[к]і лісахвосту. Асіпенка.

лі́сель, ‑я, м.

У марской справе — парус, які паднімаецца пры слабым ветры ў дапамогу асноўным прамым парусам для павелічэння іх плошчы.

[Гал. lijzeil.]

лісі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ліса, лісы, належыць лісу, лісе. Лісіная нара. Лісіны след. // Зроблены з футра ліса, лісы. Лісіны каўнер. // Уласцівы лісу, лісе; такі, як у ліса, лісы. Лісіная хітрасць.

2. перан. Хітры, ліслівы. На твары [Дабравольскага] паявілася лісіная ўсмешка. Барашка.

лісі́ца 1, ‑ы, ж.

1. Тое, што і ліс (у 1, 3 знач.).

2. Тое, што і ліса (у 1 знач.).

лісі́ца 2, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тоўстае круглае палена, якое кладзецца ўпоперак саней для перавозкі бярвення.

2. Прыстасаванне для сціскання дошак; ціскі.

лісі́ца 3, ‑ы, ж.

Тое, што і лісічка ​2. Ля кратовых ямак — грыбы лісіцы выскачылі з зямлі, дробненькія яшчэ. Пташнікаў.

лісі́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да лісіца ​1 (у 1 знач.); маладая ліса.

лісі́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Ядомы грыб жоўтага колеру. Кошыкі і паравы к поўдню напаўняліся .. прысадзістымі лісічкамі, чырвонагаловымі цыбатымі падасінавікамі. Васілевіч.

ліслі́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць ліслівага.

2. Празмернае ўсхваленне; угодлівасць, падлізванне. Дзе хітрыкі, ліслівасць — там і вераломства. Валасевіч. Дзяўчына не даруе баязлівасці, ліслівасці і наогул якой-небудзь слабасці. Арабей.

3. Разм. Ласкавасць, пяшчотнасць. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, прасіў, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.

ліслі́вец, ‑ліўца, м.

1. Той, хто ліслівіць, схільны да ліслівасці; падлізнік. — Юзік, ну і пуга ў цябе!.. Ого! — прыцмокваючы языком, гаварыў каторы ліслівец і прасіў: — Дай патрымацца хоць... Хадановіч.

2. Разм. Той, хто любіць лашчыцца да каго‑н.

ліслі́віць, ‑ліўлю, ‑лівіш, ‑лівіць; незак., каму, перад кім і без дап.

Крывадушна хваліць каго‑н., дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. У вочы .. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. [Валатовічу] падабалася тое, што Полаз адразу да яго пачаў звяртацца на «ты», што ён чалавек просты, не любіць ліслівіць. Шамякін.