Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліце́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліцця. Ліцейная вытворчасць. Ліцейны цэх. // Прызначаны для ліцця. Ліцейная машына. Ліцейная форма.

ліце́йня, ‑і, ж.

Майстэрня, цэх, дзе адліваюць металічныя вырабы. Пасярод двара доўгі нізкі будынак, цагляны. Тут мясціўся кавальскі цэх, ліцейня, такарня і блях[а]рня. Галавач.

ліце́йшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па ліцейнай справе.

лі́цер, ‑а, м.

Спец. Дакумент на бясплатны або ільготны праезд якім‑н. транспартам. Чыгуначны ліцер. □ [Аксана] птушкай паляцела ў ваенкамат, каб там ведалі пра яе шчасце і хутчэй выдалі ліцер для паездкі да сыноў. Кавалёў.

лі́церны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліцера, з’яўляецца ліцерам. Ліцерны білет.

лі́цца, льецца і ліецца; пр. ліўся, ‑лася, ‑лося; заг. ліся; незак.

1. Цячы струменем, цурком. З .. жолаба ў коўш ліўся магутны струмень зіхотнага чыгуну. Карпаў. Лілася кроў з глыбокіх ран, з вачэй — ні кроплі слёз. Непачаловіч. / у безас. ужыв. З неба то лілося як з вядра, то сыпаўся дожджык, дробненькі, як пыл. Гарэцкі. // Сыпацца патокам. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. // перан. Ісці, рухацца суцэльнай масай, натоўпам. Бежанцы на падводах, бежанцы пешкі бясконцым патокам льюцца, пакідаюць Маскву... Васілевіч.

2. перан. Распаўсюджвацца ў паветры (пра святло, пах і пад.). З-пад сініх абажураў-парасончыкаў ліецца мяккае святло. Навуменка. Кусты вербалозу .. былі абсыпаны жоўтымі пушыстымі каплямі. Ад іх ліўся прыемны і веснавы пах. Чарнышэвіч. Чырвань льецца на загоны, Нішчыць цьмы пасады-троны. Колас. // Плаўна разносіцца, раздавацца (пра гукі музыкі, песні і пад.). З рэпрадуктараў лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Па вуліцы прайшлі дзяўчаты. Галасістая песня не змаўкала, па-маладому лілася, будзіла наваколле. Каршукоў. Ідуць касцы, ідуць, як хмары, І льецца смех іх разудалы, Як веснавыя перавалы. Колас.

3. перан. Лёгка і свабодна цячы (пра мову, гутарку і пад.). Шумна гудзе партызанская раць, Льецца гаворка жывая. Колас. [Дзеці] туляцца бліжэй да маці, слухаюць яе словы, якія льюцца і булькочуць, як вясновы ручаёк. Васілевіч.

4. перан. Пранікаць (у душу, сэрца і пад.). Радасць льецца ў душу з кожным шэптам вясны. Васілёк. Льецца ў ногі стома, бы свінец. Звонак.

5. Зал. да ліць (у 4 знач.).

•••

Ліцца цераз край — тое, што і біць цераз край (гл. біць).

Льецца кроў гл. кроў.

ліццё, ‑я, н.

Спец.

1. Дзеянне паводле дзеясл. ліць (у 4 знач.).

2. зб. Літыя металічныя вырабы. Стальное ліццё. Чыгуннае ліццё.

ліць, лью, льеш, лье; льём, льяце і лію, ліеш, ліе; ліём, ліяце; пр. ліў, ліла, ліло; заг. лі; незак.

1. што. Даваць магчымасць выцякаць якой‑н. вадкасці; выліваць. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Вельмі моцна ці безупынна цячы, ісці. З раны ліла кроў. □ Было цёмна, асенні дробны дождж ліў на зямлю, з ракі рваў халодны вецер. Мікуліч.

3. перан.; што. Распаўсюджваць (святло, гук, пах і пад.). Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін.

4. што. Рабіць што‑н. з расплаўленага рэчыва; выплаўляць. Ліць гарматы. Ліць свечкі.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый — ускосным чынам дапамагаць сваімі выказваннямі, справамі процілегламу боку.

Ліць кракадзілавы слёзы — двудушна, няшчыра скардзіцца або спачуваць каму‑н.

Ліць пот — многа, цяжка працаваць. І не будуць болей людзі Пот і слёзы ліць ракой. Грахоўскі.

Ліць (праліваць) кроў — а) за каго-што; гінуць, абараняючы каго‑, што‑н., змагаючыся за каго‑, што‑н.; б) каго, чыю; забіваць каго‑н.

Ліць слёзы — плакаць; моцна плакаць.

Лье як з вядра — аб праліўным дажджы.

ліцэі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Выхаванец ліцэя.

ліцэ́й, ‑я, н.

1. Сярэдняя (або вышэйшая юрыдычная) мужчынская навучальная ўстанова закрытага тыпу ў дарэвалюцыйнай Расіі для дзяцей дваран. Царска-сельскі ліцэй.

2. Сярэдняя навучальная ўстанова ў некаторых краінах Заходняй Еўропы.

[Ад грэч. Lykeion — назва школы ў Старажытнай Грэцыі паблізу храма Апалона Лікейскага, дзе вучыў Арыстоцель.]