Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лібера́л, ‑а, м.

1. Прыхільнік лібералізму (у 1 знач.); член ліберальнай партыі.

2. перан. Разм. Той, хто ліберальнічае, займаецца шкодным патураннем. [Сівалоб:] — Дзе ваша пільнасць! Вы — гнілы ліберал! Лепш зусім нічога не пішыце пра ферму, чым узносіць на шчыт немаведама каго. Сабаленка.

3. Уст. Чалавек, які свабодна мысліць; вальнадумец. Наздра ў горадзе лічыўся лібералам і сам аб гэтым заўсёды казаў з задавальненнем. Галавач.

лібералі́зм, ‑у, м.

1. Палітычны кірунак, які адстойваў свабоду буржуазіі ў феадальна-прыгонніцкую эпоху і ў эпоху буржуазных рэвалюцый, які стаў глыбока рэакцыйным з устанаўленнем палітычнага панавання буржуазіі і развіццём рэвалюцыйнай барацьбы пралетарыяту.

2. перан. Разм. Празмерная паблажлівасць, памяркоўнасць; шкоднае патуранне. Кашалёў заканчваў прамову крытыкай у адрас Янукевіча, абвінавачваючы яго ў мяккацеласці і залішнім лібералізме. Хадкевіч.

3. Уст. Вальнадумства.

[Ад лац. liberalis — свабодны.]

лібера́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Жан. да ліберал.

лібера́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ліберальнага (у 2, 3 знач.).

лібера́льнічанне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ліберальнічаць.

лібера́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Быць залішне памяркоўным, паблажлівым; патураць. [Зёлкін:] Не разумею, чаго Гарлахвацкі ліберальнічае. Даўно пара з .. [Чарнавусам] развітацца. Крапіва.

2. Уст. Праяўляць вальнадумства; прыкідвацца лібералам.

лібера́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ліберала, лібералізму (у 1 знач.). Ліберальная партыя. Ліберальная буржуазія.

2. перан. Разм. Які дапускае лібералізм (у 2 знач.), шкоднае патуранне. Рыгор не даў гаспадару дасказаць, рашуча згадзіўшыся з яго прымірэнчымі ліберальнымі дарадамі. Гартны.

3. Уст. Які праяўляе лібералізм (у 3 знач.). У першай палавіне XIX ст. у галіне беларускай фалькларыстыкі і літаратуры дзейнічаў паэт-вучоны ліберальнага напрамку Ян Чачот. Шакун.

ліберці́, нескл., н.

Сорт бліскучай мяккай (звычайна шаўковай ці паўшаўковай) тканіны.

[Англ. liberty.]

лібрэ́та, нескл., н.

1. Слоўны тэкст вялікага музычна-вакальнага твора (оперы, аперэты і пад.). // Кароткі пераказ зместу оперы, балета (змешчаны звычайна ў тэатральнай праграме).

2. План сцэнарыя для балета ці кінафільма.

[Іт. libretto.]

лібрэты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Аўтар лібрэта.