Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад лічыць.

2. у знач. прым. Вельмі малы па колькасці, ліку; адзінкавы. Гутарылі пра ўраджай, пра ўборку, да пачатку якой заставаліся лічаныя дні. Шамякін.

лі́чба, ‑ы, ж.

1. Знак для абазначэння ліку. Арабскія лічбы (1, 2, 3 і г. д.). Рымскія лічбы (I, II, III і г. д.). □ Не ведаючы ніводнай літары, ніводнай лічбы, .. [Гінка] памятала ўсіх сваіх даўжнікоў. Корбан. Малая і большая стрэлкі насценнага гадзінніка сышліся там, дзе напісана лічба «11». Брыль.

2. Разм. Сума, лік. [Сакратар райкома:] — Для вашага калгаса, таварыш Бягун, такая лічба роўна кулю. Сергіевіч. Я спачатку падумаў, што не зразумеў абвешчанай мне лічбы і папрасіў напісаць яе на паперы. Лынькоў. // Паказчык чаго‑н., выражаны ў лічбах; разлік, падлік. [Паходня:] — Ты б усё аддаў, каб у зводцы стаяла самая высокая лічба выпрацоўкі на трактар. А ўсё астатняе, па-твойму, дробязь... Хадкевіч. — Яе сто пудоў махоркі вы можаце сабраць з гектара, а самае малое — чатырыста. І вось гэтую лічбу мы занясём у план. Кулакоўскі.

•••

Астранамічныя лічбы — пра вельмі вялікія лічбавыя велічыні.

Кантрольныя лічбы — лічбавыя колькасныя паказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на пэўны тэрмін пры планаванні народнай гаспадаркі.

Круглыя лічбы — лічбы без дробавых адзінак; акругленыя лічбы.

лічбава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лічбаваць.

лічбава́цца, ‑буецца; незак.

Зал. да лічбаваць.

лічбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., што.

Абазначаць, меціць лічбамі; нумараваць. Лічбаваць старонкі.

лі́чбавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лічбы (у 1 знач.).

2. Абазначаны лічбамі, выражаны ў лічбах. Лічбавы маштаб. Лічбавы код.

лі́чнік, ‑а, м.

У матэматыцы — лік простага дробу, які стаіць над рысай (абазначае лік долей, з якіх складаецца дроб); проціл. назоўнік. У дробе 2/5 лічнік 2, а назоўнік 5.

лічы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Вершык з лічэннем у дзіцячай гульні.

лічы́льнік, ‑а, м.

Апарат для аўтаматычнага ўліку, падліку чаго‑н. Газавы лічыльнік. Лічыльнік электрычнай энергіі. Лічыльнік таксі.

лічы́льнікі, ‑аў; адз. няма.

Прылада ў выглядзе чатырохвугольнай рамы з нанізанымі на папярочныя металічныя пруткі рухомымі костачкамі, якая служыць для арыфметычных падлікаў. Канторскія лічыльнікі.