лі́чба, ‑ы, ж.

1. Знак для абазначэння ліку. Арабскія лічбы (1, 2, 3 і г. д.). Рымскія лічбы (I, II, III і г. д.). □ Не ведаючы ніводнай літары, ніводнай лічбы, .. [Гінка] памятала ўсіх сваіх даўжнікоў. Корбан. Малая і большая стрэлкі насценнага гадзінніка сышліся там, дзе напісана лічба «11». Брыль.

2. Разм. Сума, лік. [Сакратар райкома:] — Для вашага калгаса, таварыш Бягун, такая лічба роўна кулю. Сергіевіч. Я спачатку падумаў, што не зразумеў абвешчанай мне лічбы і папрасіў напісаць яе на паперы. Лынькоў. // Паказчык чаго‑н., выражаны ў лічбах; разлік, падлік. [Паходня:] — Ты б усё аддаў, каб у зводцы стаяла самая высокая лічба выпрацоўкі на трактар. А ўсё астатняе, па-твойму, дробязь... Хадкевіч. — Яе сто пудоў махоркі вы можаце сабраць з гектара, а самае малое — чатырыста. І вось гэтую лічбу мы занясём у план. Кулакоўскі.

•••

Астранамічныя лічбы — пра вельмі вялікія лічбавыя велічыні.

Кантрольныя лічбы — лічбавыя колькасныя паказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на пэўны тэрмін пры планаванні народнай гаспадаркі.

Круглыя лічбы — лічбы без дробавых адзінак; акругленыя лічбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)