ліцца, льецца і ліецца; пр. ліўся, ‑лася, ‑лося; заг. ліся; незак.

1. Цячы струменем, цурком. З .. жолаба ў коўш ліўся магутны струмень зіхотнага чыгуну. Карпаў. Лілася кроў з глыбокіх ран, з вачэй — ні кроплі слёз. Непачаловіч. / у безас. ужыв. З неба то лілося як з вядра, то сыпаўся дожджык, дробненькі, як пыл. Гарэцкі. // Сыпацца патокам. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. // перан. Ісці, рухацца суцэльнай масай, натоўпам. Бежанцы на падводах, бежанцы пешкі бясконцым патокам льюцца, пакідаюць Маскву... Васілевіч.

2. перан. Распаўсюджвацца ў паветры (пра святло, пах і пад.). З-пад сініх абажураў-парасончыкаў ліецца мяккае святло. Навуменка. Кусты вербалозу .. былі абсыпаны жоўтымі пушыстымі каплямі. Ад іх ліўся прыемны і веснавы пах. Чарнышэвіч. Чырвань льецца на загоны, Нішчыць цьмы пасады-троны. Колас. // Плаўна разносіцца, раздавацца (пра гукі музыкі, песні і пад.). З рэпрадуктараў лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Па вуліцы прайшлі дзяўчаты. Галасістая песня не змаўкала, па-маладому лілася, будзіла наваколле. Каршукоў. Ідуць касцы, ідуць, як хмары, І льецца смех іх разудалы, Як веснавыя перавалы. Колас.

3. перан. Лёгка і свабодна цячы (пра мову, гутарку і пад.). Шумна гудзе партызанская раць, Льецца гаворка жывая. Колас. [Дзеці] туляцца бліжэй да маці, слухаюць яе словы, якія льюцца і булькочуць, як вясновы ручаёк. Васілевіч.

4. перан. Пранікаць (у душу, сэрца і пад.). Радасць льецца ў душу з кожным шэптам вясны. Васілёк. Льецца ў ногі стома, бы свінец. Звонак.

5. Зал. да ліць (у 4 знач.).

•••

Ліцца цераз край — тое, што і біць цераз край (гл. біць).

Льецца кроў гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)