Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нашэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. насіць (у 1, 2 і 4 знач.).

нашэ́птванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нашэптваць.

2. Тое, што нашаптана; нашаптаныя словы. Слухаць нашэптванні.

нашэ́птвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Зал. да нашэптваць.

нашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Гаварыць шэптам што‑н. Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні. Броўка. Іван Іванавіч яхідна ўсміхнуўся і, адвярнуўшыся, пачаў нешта нашэптваць на вуха суседу. Асіпенка.

2. перан. Нагаворваць на каго‑н., пляткарыць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Навуменка. Цяпер доктар Салавейчык лічыць сябе чысценькім, а на Івана Іванавіча нашэптвае. Арабей.

3. У павер’ях — гаварыць замовы; чараваць. Нашэптваць на ваду.

нашэ́сце, ‑я, н.

Напад ворага, запаланенне ім чужой тэрыторыі; навала (у 1 знач.). Ужо нямнога засталося жахлівых слядоў варожага нашэсця. Шамякін. // перан. Разм. Нечаканы прыход, з’яўленне каго‑н. у вялікай колькасці. Ніколі раней гэты горад не бачыў такога нашэсця людзей з кнігамі, агульнымі сшыткамі пад пахай! Паслядовіч.

•••

Мамаева нашэсце — пра нечаканы прыход вялікай колькасці непажаданых людзей.

[Ад імя татарскага хана Мамая, які ў 14 ст, зрабіў спусташальнае нашэсце на Русь; быў пераможаны рускімі на чале з Дзмітрыем Данскім у Кулікоўскай бітве ў 1380 г.]