нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.
1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.
2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.
3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.
нарасці́ць, ‑рашчу, ‑росціш, ‑росціць; зак.
1. чаго. Вырасціць у нейкай колькасці. Нарасціць кветак. Нарасціць агуркоў.
2. што і чаго. Вырасціць што‑н. на чым‑н. Нарасціць мускулы. Нарасціць тлушчу.
3. што. Павялічыць у памерах, дабаўляючы што‑н. Нарасціць сцяну. Нарасціць канат.
нарасцяру́швацца, ‑аецца; безас. зак.
Расцерушыцца ў нейкай колькасці.
нарасцяру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Расцерушыць у многіх месцах, усюды. Нарасцярушваць саломы.
нараўне́ і наро́ўні, прысл.
На адной лініі, на адной вышыні, глыбіні і пад., з роўнай сілай, скорасцю і г. д. Верх яблынькі з акном быў якраз нараўне. Лодка з параходам ішлі нароўні. // у знач. прыназ. (у спалучэнні з «з»). Аднолькава з кім‑, чым‑н., у роўным становішчы, на роўных умовах, правах. Нават жанчыны, слухаючы.. [Арджбая], запальваліся гневам і браліся за зброю нараўне з мужчынамі. Бядуля. Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і .. цягнуў нароўні з дарослымі. Дуброўскі.
нараўці́ся, ‑равуся, ‑равешся, ‑равецца; ‑равёмся, ‑равяцеся; пр. нароўся, ‑раўлася, ‑раўлося; зак.
Разм. Параўці доўга, уволю.
на́рачны, ‑ага, м.
Чалавек, які спецыяльна пасылаецца з якім‑н. спешным даручэннем. Паслаць нарачным. □ [Дзяншчык:] — Ад генерала нарачны прыбыў. М. Ткачоў. Рыгор Хмара адразу зразумеў: калі выклікаў яго Мурашоў з нарачным у такі гарачы час, значыць, справа сур’ёзная. Лукша.
нарачо́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Аб’яўлены, прызначаны быць такім. Нарачоны брат. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска. Якімовіч.
2. у знач. наз. нарачо́ны, ‑ага, м.; нарачо́ная, ‑ай, ж. Жаніх, нявеста. Усе ў Парэччы лічылі Іллюка і .. Васіліну нарачонымі. Хадкевіч.
нарашчыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., чаго.
Рашчыніць многа. Нарашчыняць цеста.