Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напампо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да напампоўваць.

напампо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напампаваць.

напамяну́ць, ‑мяну, ‑мянеш, ‑мяне; ‑мянём, ‑меняце; зак.

Разм. Тое, што і напомніць (у 1 знач.). — Тата, дык ты ж глядзі, не забудзь пра саначкі, — яшчэ раз напамянула Мая. Краўчанка.

напапала́м, прысл.

Разм. Тое, што і напалам. «А я чула ад Аўдолі, Што папы дзесь раскалолі Усю царкву напапалам — Частка тут, а частка там». Крапіва.

напа́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад напарыць.

напа́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напарыць (у 1 знач.).

напа́рнік, ‑а, м.

Той, хто працуе ў пары, на змену з кім‑н. Адну [тачку] нагружае Сцяпан, а адвозіць напарнік, а другую наадварот. Гроднеў. Радзюк прыпыніў машыну і.. вылез з кабіны разам са сваім напарнікам, семнаццацігадовым кірпатым хлопцам. Хадкевіч.

напа́рніца, ‑ы, ж.

Жан. да напарнік.

напаро́цца, ‑паруся, ‑порашся, ‑порацца; зак.

1. на што. Параніць сябе, наткнуўшыся на што‑н. вострае. А ночы насталі цёмныя, так і глядзі, каб не напароцца вокам на яловы сучок, не праваліцца па пахі ў ваду. Карпюк.

2. перан. Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. нежаданым, неспадзяваным. Тут навокал раскінуліся сажалкі, трэба было прайсці непрыкметна, каб не напароцца на варту. Чарнышэвіч. Гармата, якая плялася ўслед атрада карнікаў, зусім нечакана.. напаролася на партызанскую міну. Брыль.

напаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак.

1. чаго. Распароць нейкую колькасць чаго‑н. сшытага. Напароць старых сарочак.

2. што. Наскочыўшы на што‑н. вострае, параніць сябе. Напароць руку на цвік.