нама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Абмацваючы, адчуць наяўнасць чаго‑н. Намацаць запалкі ў кішэні. Намацаць цвёрдую глебу пад нагамі. Намацаць пульс. □ Грыбок ўпоцемку намацаў конаўку, зачарпнуў вады. Мележ. У вушах у Мішкі ўсё звінела, рукі калаціліся і ніяк не маглі намацаць аўтамата. Паслядовіч. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой. Галавач.
2. перан. Знайсці, адшукаць у выніку пошукаў. На самым краі лесу фары намацалі воз скіданага абы-як бераваку. Лобан. Штаб вырашыў намацаць.. найбольш слабае месца ў варожым кальцы. Брыль.
нама́цванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. намацваць — намацаць.
нама́цвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да намацваць.
нама́цваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да намацаць.
намача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Наесціся, мачаючы. Намачацца мачанкі.
намачы́цца, ‑мачуся, ‑мочышся, ‑мочыцца; зак.
Разм. Стаць мокрым, сырым; прамачыцца. Каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Прыказка.
намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.
2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.
3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.
намежава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад намежаваць.
намежава́ць, ‑мяжую, ‑мяжуеш, ‑мяжуе; зак., чаго.
Размежаваць у нейкай колькасці (зямлю, участкі лесу і пад.).
наменклату́ра, ‑ы, ж.
1. Пералік, сукупнасць назваў, тэрмінаў, якія ўжываюцца ў якой‑н. галіне навукі, вытворчасці і пад. Хімічная наменклатура. Наменклатура вырабаў. Наменклатура запасных частак.
2. Пералік бухгалтарскіх рахункаў. Старшы бухгалтар зробіць абаротны, пасля сальдав[ан]ы баланс, прыложыць да яго калькуляцыі і формы, патрэбныя па наменклатуры — і справаздача гатова. Скрыган.
3. Спіс кадравых пасад, якія зацвярджаюцца вышэйшай арганізацыяй.
[Лац. nomenclatura — пералік, спіс.]