навары́цца, ‑варыцца; зак.
Падоўжыцца шляхам наваркі, наварвання (пра металічныя рэчы).
навары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак.
1. чаго. Варачы, нагатаваць у патрэбнай колькасці; згатаваць. Дзе бушавала смерць з пажарам, Разложым ціхі аганёк, Абутак высушым, наварым Салдацкай кашы кацялок. Глебка.
2. чаго. Наплавіць у нейкай колькасці. Наварыць сталі.
3. што. Павялічыць (які‑н. металічны прадмет), прыварыўшы кавалак металу. У кузню заходзіла шмат сялян з навакольных вёсак — хто каня падкаваць, хто парог наварыць. Машара.
навасе́лец, ‑льца, м.
Тое, што і навасёл. У бабулі ў руках клуначак з хлебам і соллю. Гэта першае, што будзе ўнесена ў новую кватэру. Такі стары звычай навасельцаў. Юрэвіч. Пазней.. [янотападобны сабака] стаў навасельцам на Украіне, адкуль пачаў перасяляцца на паляўнічыя ўгоддзі Беларусі. «Звязда».
навасе́лле, ‑я, н.
1. Перасяленне, пасяленне ў новы дом, новую кватэру; уваходзіны. Жанчына яшчэ ўсё, мусіць, перажывала радасць наваселля і дзялілася гэтаю радасцю з.. [Паўлам Іванавічам]. Арабей. Справіла наваселле ўдава.. актывіста Хартановіча: саманны домік, па тыпавому праекту, пабудаваў ёй калгас. Брыль.
2. Свята з выпадку пасялення на новым месцы. На кожным паверсе, у кожнай кватэры спраўлялі наваселле — звінелі чаркі. Мележ. Да позняй ночы весяліліся беражкоўцы, святкуючы наваселле сваіх аднавяскоўцаў. Краўчанка.
навасе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да наваселля. Калі ж пакінула арцель Стол навасельны, калі ў хаце У цішыні салдатка-маці Паклала спаць сваіх дзяцей, — Малым прысніўся дзіўны сон. Танк.
навасёл, ‑а, м.
1. Той, хто пасяліўся ў новым доме або ў новай кватэры. Скора новы дом і засялілі. Я нават і не заўважыла, калі пераехалі навасёлы. Арабей.
2. Той, хто нядаўна пасяліўся на новым месцы, прыехаўшы аднекуль здалёк. Палатка і рамантычны быт, праца ў адным катлаване здружылі ўсіх першых навасёлаў. Грахоўскі. Ля кастра пелі песню пра цалінных навасёлаў. Асіпенка.
навасёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да навасёл і наваселец.
наваскава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад наваскаваць.
2. у знач. прым. Нацёрты, пакрыты воскам. Наваскаваная папера.
наваскава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і чаго.
Пакрыць, нацерці воскам. Наваскаваць падлогу. Наваскаваць нітку.
наваско́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. наваскоўваць — наваскаваць.