дары́цца 1, дорыцца; незак.
Зал. да дарыць 1.
дары́цца 2, ‑рыюся, ‑рыешся, ‑рыецца; зак.
Рыючы, дасягнуць якога‑н. месца. Дарыцца да карэння.
дары́ць 1, дару, дорыш, дорыць; незак.
1. што. Даваць у якасці падарунка, аддаваць бязвыплатна. Дарыць кветкі. □ Падарункі, вядома, могуць быць розныя. Гэта ўжо ў залежнасці ад матэрыяльных магчымасцей таго, хто дорыць. Лынькоў. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі [салдатам] букеты. Танк.
2. каго. Даваць каму‑н. падарунак, падарункі; абдорваць. Дарыць маладых. // чым. Даваць каму‑н. міласціну. [Марыля:] Чым больш на жабраку торбаў, тым лепш такога дораць. Купала.
дары́ць 2, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.
Скончыць рыць; вырыць да канца ці да якога‑н. месца.
дары́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Дарыды (вобласці Старажытнай Грэцыі). Дарычны дыялект. // Звязаны з архітэктурным стылем, які склаўся ў Дарыдзе. Дарычныя калоны.
дарэвалюцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да часу, што папярэднічаў якой‑н. рэвалюцыі. Дарэвалюцыйны перыяд. // Які адносіцца да часу, што папярэднічаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Дарэвалюцыйная Беларусь. Дарэвалюцыйнае выданне.
дарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.
1. Скончыць рэзаць што‑н.; давесці рэзанне, рэзку да канца ці да якога‑н. месца. Дарэзаць дровы. Дарэзаць бервяно да паловы.
2. Канчаткова пазбавіць жыцця, перарэзаўшы горла (пра параненага звера, жывёліну і пад.). Дарэзаць барака.
3. і чаго. Дадаткова нарэзаць. Дарэзаць хлеба на стол. // Прыбавіць шляхам межавання. Дарэзаць сенажаці.
дарэ́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да дарэзваць.
дарэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дарэзаць.
дарэ́ктар, ‑а, м.
Уст. Дамашні настаўнік. — Ну, ты, Костусь, чытаць любіш? — Дарэктар Костуся пытае, Абы хоць гутарка якая. Колас.
дарэ́мна,
1. Прысл. да дарэмны.
2. у знач. вык. Марна, бескарысна. Колькі мы ні гукалі і ні свісталі — усё дарэмна, Мішкаў і след прастыў. Паслядовіч.
•••
Дарэмна хлеб есці гл. есці.
дарэ́мнасць, ‑і, ж.
Марнасць, бескарыснасць. Дарэмнасць спроб.