Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выкасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выкасаваць.

вы́каўзаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выкаўзаць.

2. у знач. прым. Гладкі ад коўзання. На выкаўзаным снезе так іскрыла сонца, што аж рэзала ў вачах. Карпюк.

вы́каўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Забрудзіць вопратку, стаць брудным.

вы́каўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Зрабіць коўзкім; выслізгаць. Дзеці выкаўзалі лёд санкамі.

2. Забрудзіць.

вы́каўзнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Выслізнуцца. Спалоханая Палагея ўсплёснула рукамі і пачала хутка, прыбіраць са стала. Але міска з баршчом выкаўзнулася з яе рук. Шамякін.

вы́каўзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Выслізнуць. Плуг выкаўзнуў з рук і .. зрабіў доўгі агрэх. Гартны. Зося выкаўзнула з хлеўчука, але не пабегла, не спалохалася. Ваданосаў.

вы́каціцца, ‑качуся, ‑кацішся, ‑каціцца; зак.

1. Коцячыся, выйсці, выпасці адкуль‑н. Мячык выкаціўся на дарогу. Яблык выкаціўся з кошыка. □ У старога паволі выкаціліся з вачэй дзве слязінкі. Чорны. // З’явіцца на небе (пра сонца, месяц, зоры). З-за лесу выкацілася сонца, іскрыстае, цёплае. Сачанка. // Выехаць адкуль‑н., куды‑н. З-за рогу борзда і крута выкаціўся з задзірлівым лапатаннем трактар. Шынклер. Брук скончыўся, і воз выкаціўся на дарогу мяккую, з пясочкам. Арочка.

2. Разм. Хутка выйсці, выбегчы адкуль‑н. Андрушка пабег да свайго сябрука Паўліка, свіснуў каля хаты. Паўлік выкаціўся мігам. Лобан.

вы́каціць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; зак., што.

1. Коцячы, перамясціць куды‑н. Выкаціць бочку. Выкаціць бярвенні на бераг ракі. // без дап. Хутка выехаць. На плошчу.. выкаціў і спыніўся гарачы, запылены аўтобус. Брыль.

2. перан. Разм. Знішчыць агнём. Неяк зімой, яшчэ пры панах, іхнюю вёску амаль дашчэнту выкаціў пажар. Брыль. / у безас. ужыв. Мы самі ў гэтым млыне з бабамі і дзецьмі тулімся. Усё жытло агнём выкаціла. Чорны.

3. Разм. Вылучыць, вылупіць (пра вочы). Гаўрыла як сядзеў, так і [ш]лёпнуўся аб зямлю нежывы. Заўтра найшлі: ляжаў акалелы і піпку зубамі сцяў, а вочы на лоб выкаціў. Гарэцкі.

•••

Выкаціць (вылупіць) бельмы — здзіўлена, шырока адкрытымі вачамі глядзець.

вы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Звяртацца да каго‑н. на «вы».

вы́качаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выкачаць.

2. у знач. прым. Запэцканы, забруджаны ў што‑н. Ён! Жоўцік мой!.. І такі, што і пазнаць нельга. Выкачаны, акрываўлены, поўсць шматкамі вісіць... Ракітны.