Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вонкавае аблічча. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ. Слухаючы старшыню, карэспандэнт разглядаў фота ў альбоме.., мабыць, параўноўваючы цяперашні яго выгляд з тым, што было на здымках. Шахавец. // Знешняе аблічча чалавека як праяўленне яго ўнутранага стану, характару. Здаровы выгляд. Незалежны выгляд. □ Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў.. добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны.

2. Знешні абрыс, контур прадмета. Усе .. [жыхары вёскі] былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы. Колас.

3. У спалучэнні з прыназ. «з», «на», «пад» утварае прыслоўныя словазлучэнні ў значэнне знешне. З выгляду гэты чалавек спакойны. □ Нязграбны на выгляд дзік вельмі спрытны і рухавы. В. Вольскі.

•••

Для выгляду — каб толькі здавалася.

Не падаць (не паказаць) выгляду гл. падаць.

Пад выглядам каго-чаго — пад маркай каго-чаго, выдаючы за каго‑, што‑н. [Міхал:] — Пад выглядам альтанак домікі будуюць, скляпы і чорт ведае што яшчэ там. Карпаў.

Рабіць выгляд гл. рабіць.

У выглядзе чаго — у форме чаго‑н.

выгляда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. выглядаць (у 3 знач.) — выглянуць (у 1 знач.).

выгляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Мець які‑н. выгляд; здавацца каму‑н. кім‑, чым‑н. Выглядаць героем. □ Каця хадзіла заўсёды ў камбінезоне, у простых чаравіках, і выглядала звычайнай трактарысткай. Чарнышэвіч. Усе [сяляне] выглядалі так, як бы неўзабаве павінна было штось зрабіцца. Колас.

2. Віднецца, быць відным. Сонца зайшло.. за.. таполі, верхавіны якіх ледзь выглядалі з-за ўзгорка. Шамякін.

3. Разм. Незак. да выглянуць (у 1 знач.).

4. Разм. Незак. да выглядзець.

выгля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да выглянуць.

2. Незак. да выглядзець.

вы́глядзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Уважліва назіраючы, заўважыць, знайсці. Выглядзець сябра ў натоўпе. □ Над параходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спраўна спікіравала. Даніленка.

вы́глянуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Высунуўшыся з укрыцця, глянуць, паглядзець. Выглянуць з-за вугла на вуліцу. □ Смалякоў расчыніў дзверцы машыны, трывожна выглянуў з кабіны. «ЛіМ».

2. Стаць відным, паказацца. Выглянула з-за хмар сонца, і ўсё навокал зазіхацела. Мележ.

вы́глянцаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выглянцаваць.

вы́глянцавацца, ‑цуецца; зак.

Стаць, быць выглянцаваным.

вы́глянцаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Пакрыць чым‑н. глянцавітым, нацерці да бляску. Выглянцаваць стол лакам. Выглянцаваць паркет.

2. перан. Надаць знешні глянец чаму‑н.

выглянцо́ўвацца, ‑цоўваецца; незак.

1. Незак. да выглянцавацца.

2. Зал. да выглянцоўваць.