выгляд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Вонкавае аблічча. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ. Слухаючы старшыню, карэспандэнт разглядаў фота ў альбоме.., мабыць, параўноўваючы цяперашні яго выгляд з тым, што было на здымках. Шахавец. // Знешняе аблічча чалавека як праяўленне яго ўнутранага стану, характару. Здаровы выгляд. Незалежны выгляд. ▪ Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў.. добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны.
2. Знешні абрыс, контур прадмета. Усе .. [жыхары вёскі] былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы. Колас.
3. У спалучэнні з прыназ. «з», «на», «пад» утварае прыслоўныя словазлучэнні ў значэнне знешне. З выгляду гэты чалавек спакойны. ▪ Нязграбны на выгляд дзік вельмі спрытны і рухавы. В. Вольскі.
•••
Для выгляду — каб толькі здавалася.
Не падаць (не паказаць) выгляду гл. падаць.
Пад выглядам каго-чаго — пад маркай каго-чаго, выдаючы за каго‑, што‑н. [Міхал:] — Пад выглядам альтанак домікі будуюць, скляпы і чорт ведае што яшчэ там. Карпаў.
Рабіць выгляд гл. рабіць.
У выглядзе чаго — у форме чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)