Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́верты, ‑аў; адз. выверт, ‑у, М ‑рце, м.

Разм. Тое, што і выкрутасы. Дзед на вяселлі не мог нагуляцца, з выкрутам, з вывертам пайшоў дзед валь[с]а. Зарыцкі. [Пралыгін:] Адам Іванавіч, кажы... Без вывертаў, а проста. Клімковіч.

вы́верцець, ‑рчу, ‑рціш, ‑рціць; зак., што.

Разм. Разгарнуўшы, раскруціўшы, выняць.

вы́вершыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

Выкласці верхнюю частку стога, сцірты, страхі.

вы́верыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Дасканала праверыць дакладнасць, акуратнасць чаго‑н. Выверыць рукапіс. Выверыць вагу перад узважваннем. □ Пан палкоўнік не мог цалкам аддацца сваім стратэгічным практыкаванням і выверыць свой план. Колас.

вы́весіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.

1. Павесіць для агульнага агляду, азнаямлення. Вывесіць сцяг, аб’яву.

2. Развесіць для прасушвання, праветрывання. Вывесіць бялізну.

вы́веска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тое, што і шыльда.

вы́веславаць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.

Грабучы вёсламі, выплысці адкуль‑н., куды‑н. Вывеславаць на сярэдзіну ракі.

вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

вы́весціся, ‑ведзецца; пр. вывеўся, ‑велася; зак.

1. Нарадзіцца з яйца, лічынкі і пад. Неўзабаве ў трубе вывеліся.. галчаняты, і ў маладых бацькоў з’явіліся новыя клопаты. Шуцько.

2. Перастаць існаваць, перавесціся. Вывелася рыба ў сажалцы. // Знікнуць. Вывеліся плямы. // Выйсці з ужытку, аджыць свой век. Гэтыя звычаі даўно ўжо вывеліся.

вы́ветраны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выветрыць.