вывесці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.
1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. ▪ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.
2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.
3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. ▪ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.
4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. ▪ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.
5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.
6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.
7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. ▪ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.
8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.
9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. ▪ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.
10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.
11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.
•••
Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.
Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.
Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.
Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.
Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.
Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.