вы́брацца, ‑беруся, ‑берашся, ‑берацца; зак.
1. Пераадольваючы або абмінаючы перашкоды, выйсці, выехаць, вылезці адкуль‑н.; прабіцца цераз што‑н. Выбрацца з натоўпу. Выбрацца з-пад абломкаў. □ Партызаны цяпер пачалі адыходзіць у лес. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зараснікамі на ўзгоркаватае поле. Чорны. Аўтобус прапоўз міма [дамоў], выбраўся з загару машын, паімчаў хутчэй. Асіпенка.
2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча. Выбрацца з бяды. Выбрацца з даўгоў. □ [Мясцком].. дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, прыгожае жыццё. Шынклер.
3. Выселіцца, пераехаць з дамашнім скарбам у другое памяшканне, месца; перабрацца. Выбрацца на другую кватэру. □ Хто-ніхто выбраўся па хутар і цяпер сяліба пуставала. Галавач. Жыхароў у мястэчку амаль не было, Яны выбраліся ў шалашы. Навуменка.
4. Падрыхтавацца да выезду, пераходу; сабрацца. Выбрацца ў далёкую дарогу. □ Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. Чорны.
5. Разм. Знайсці магчымасць, час пайсці, паехаць куды‑н. Выбрацца ў кіно. □ Куды, старая, выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць? Гілевіч.
•••
Выбрацца сухім з вады — тое, што і выйсці сухім з вады (гл. выйсці).
вы́браць, ‑беру, ‑бераш, ‑бера; зак.
1. што. Беручы адно за адным, дастаць, выняць усё да апошняга; зрасходаваць. Выбраць ваду са студні. Выбраць сала з кубла. Выбраць ліміты. □ На балоце калісьці капалі торф, і, дзе яго выбралі, стаяла вада. Чорны. // Сабраць ураджай бульбы, агуркоў і пад. Выбраць бульбу ў полі. □ Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці, Выбраць цыбулю ў гародзе. Танк.
2. каго-што. Параўноўваючы наяўнае, аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. Выбраць спадарожніка. Выбраць месца для начлегу. Выбраць занятак па душы. □ Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску — Не пара іншаму падоску. Колас.
3. што. Адабраць што‑н. па якой‑н. прыкмеце. Выбраць дзесятак спелых яблык. □ [Люба:] — Вось намалоцім новага жыта ў цапы, выберам саломы, тады на лета і [страху] перакрыем. Васілевіч.
4. каго. Абраць галасаваннем для выканання якіх‑н. абавязкаў. Выбраць прэзідыум сходу. □ Позна ноччу новы прафком выбраў сваім старшынёй Грушэўскага. Карпюк.
5. што. Разм. Знайсці неабходны час для ажыццяўлення чаго‑н.; выкраіць. Выбраць зручны момант. □ І ўспомніў.. [Сцёпка] свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Колас.
6. Спец. Зняць, састругаць рубанкам ці якім‑н. іншым інструментам.
вы́бруджаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выбрудзіць.
выбру́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выбрудзіць.
вы́брукаваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выбрукаваць.
вы́брукаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Вымасціць каменнем, клінкерам, брусчаткай. Выбрукаваць вуліцу.
выбруко́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да выбрукоўваць.
выбруко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выбрукаваць.
выбрыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. выбрываць — выбрыць.
выбрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да выбрыцца.
2. Зал. да выбрываць.